В Шумилинском районе идёт приём школ к новому учебному году

Главное Новости Образование

У раёне ідзе прыёмка школ

У кабінеце фізікі Обальскай СШ

Жнівень пахне збожжам, яблыкамі і свежай фарбай у школах. Кожны год аддзел па адукацыі закупляе дзясяткі кілаграмаў фарбы і разам з іншымі матэрыяламі развозіць яе па школах і дзіцячых садах, якія на пачатак жніўня павінны прадэманстраваць стопрацэнтную гатоўнасць да 1 верасня.

Багаты ўраджай цыбулі вырасцілі ў Мікіціхінскай СШ

На гэтым тыдні пачала сваю работу раённая камісія па прыёмцы школ і дашкольных устаноў да пачатку новага навучальнага года .

Камісія ў Мікіціхінскім яслях-садзе

Графік работы камісіі напружаны, толькі за першыя два дні (10 і 11 жніўня) камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай праверыла Слабадскую, Мішневіцкую, Амбросавіцкую яслі-сад-базавыя школы, Дабейскі, Мікіціхінскі, Обальскі, Мікалаеўскі і Мішкавіцкі яслі-сады, Мікіціхінскую, Обальскую і Кардонскую сярэднія школы.

Стэнд «Віцебшчына літаратурная» аформлены ў Слабадской школе.

 

Спецыяліст аддзела па адукацыі Аляксандр Гаўрылаў правярае электраабсталяванне ў Мікалаеўскім яслях-садзе.

Гэта вялікі аб’ём, улічваючы, што камісія аглядае не толькі класныя кабінеты, але і харчаблокі, электрычную гаспадарку, кацельні, прышкольныя ўчасткі, цяпліцы, стадыёны, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі… Адным словам, увесь вялікі вучэбна-гаспадарчы комплекс, які з 1 верасня абавязаны працаваць бесперабойна і ўсяляк садзейнічаць паспяховай рабоце настаўнікаў і вучняў.

Выхаванцы Обальскага дзіцячага ясляў-сада вітаюць гасцей.

У большасці сваёй установы адукацыі рыхтуюцца не ў апошні месяц. Такія, напрыклад, як Слабадская, Мішневіцкая, Мікіціхінская, Обальская школы, гэтую работу вядуць круглы год, і яны ў любы час гатовы сустракаць гасцей. Тут перш чым прыступіць да рамонту таго ж класа, прадумваюць дызайн, шукаюць новыя сучасныя рашэнні і робяць так, каб гэты інтэр’ер праслужыў не адзін год.

Этнаграфічны куток у Мішневіцкай школе.

І яшчэ адзін момант, які адзначыла камісія: захаванасць, падтрыманне парадку на працягу года дазваляюць эканоміць сілы і сродкі.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №62 ад 13.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *