Рейд по многодетным семьям провели сотрудники отдела по чрезвычайным ситуациям

Безопасность Общество

І столь чорная, і печка “дзіравая”
Па ініцыятыве Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях супрацоўнікі райаддзелаў праводзяць прафілактычныя рэйды.
“Перш-наперш абследуем тыя сем’і, у якіх трое ці больш дзяцей, – гаворыць начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Крукаў. – Рэйды набылі асаблівую актуальнасць у сувязі з вялікімі маразамі. У нас на ўліку знаходзіцца 176 мнагадзетных сем’яў. Дзеля зручнасці ўвесь раён раздзялілі на некалькі ўчасткаў. Вядома, у першую чаргу абследуем жылы сектар – тыя дамы, дзе ёсць пячное ацяпленне.”
Разам з намеснікам начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыем Усцюговым і спецыялістам групы прапаганды і абучэння РАНС Ларысай Лінкевіч тыдзень таму мы наведалі каля паўтара дзясятка мнагадзетных вясковых сем’яў Мікалаёўскага сельсавета. Заўваг па пажарнай бяспецы не было да сем’яў з Мішкавіч, Мікалаёва і Кардона. Бачна, што гаспадары падрыхтаваліся да зімы: і дроў нарыхтавалі, і печкі прывялі ў парадак.
А вось у адным з дамоў у в. Бубалі ўбачылі жахлівую карціну: печка з вялікімі трэшчынамі, з якіх дым ідзе ў хату. Ад гэтага і столь ўся чорная, і апавяшчальнік. Ён не працуе – гаспадары не паклапаціліся памяняць батарэйкі.
Валерый Усцюгоў нагадаў гаспадыні, што некалькі тыдняў таму выратавальнікі ўжо выпісалі штраф за аварыйную печку. Але печку не адрамантавалі. Праўда, гаспадары звярнуліся ў КУСГП “Ульскі” (там працуюць абодва) з просьбай выдзеліць ім жыллё, бо перакладваць печку ў вялікія маразы немагчыма. Супрацоўнікі райаддзела выйшлі з хадатайствам у мясцовыя сельвыканкам і гаспадарку, каб тыя дапамаглі сям’і.
У гэты ж дзень адміністрацыйны пратакол за няспраўнае пячное ацяпленне быў складзены на сям’ю з вёскі Андрэева.
Намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч, які наведаў некаторыя прыватныя дамы на тэрыторыі Сіроцінскага, Светласельскага і Мішневіцкага сельсаветаў, таксама выявіў каля дзесяці дамоў, дзе патрабуецца рамонт печак. А вось у адным з дамоў у Сіроціне не толькі печка, але і праводка ў “ахавым” стане. Работнікі райаддзела напісалі прадпісанне на “Сіроцінскі”, каб дапамаглі з рамонтам у калгасным доме.
“А вось на маім участку – ў Каўлякоўскім і Дабейскім сельсаветах заўваг не больш, чым у мінулым годзе, – аналізуе сітуацыю Аляксандр Пушкароў, в. а. абавязкі намесніка начальніка па дзяржпажнагляду. – Але хачу звярнуць увагу, што некаторыя выкарыстоўваюць самаробныя абагравальнікі і так званыя жучкі ў лічыльніках. Нельга карыстацца такімі прыборамі, як нельга для растопкі браць гаручыя матэрыялы. Прыводзім праўдзівыя жудасныя прыклады. Так, у канцы студзеня ў г. Горкі Магілёўскай вобласці загінула васьмігадовая дзяўчынка. Пажар пачаўся з-за таго, што гаспадар дадумаўся разаграваць ка-ністру з бензінам на газавай пліце”.
Дарэчы, у ходзе праведзеных рэйдаў выратавальнікі выявілі і такія факты: ў магазінах у Навіках, Дабеі, Крывым Сяле, Ляжнях, Пабедзе, Кардоне і некаторых іншых няма ў продажы пажарных апавяшчальнікаў і батарэек да іх, пробак да электралічыльнікаў. А каб тэрмінова адрамантаваць грубку, вяскоўцам трэба ехаць у райцэнтр, бо ні пячных дзверцаў, ні каласнікоў няма ў продажы ні ў адным з вясковых магазінаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №12 ад 10.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *