Обольский керамический завод: ставка на экспорт и инновации

Новости Экономика

Стаўка на экспарт і інавацыі

Обальскі керамічны завод – стабільна працуючае прадпрыемства. Да прафесійнага свята яно падыходзіць з добрымі паказчыкамі, робячы стаўку на экспарт і інавацыі.

Павел МАНАК, дырэктар Обальскага керамічнага завода:
– Напярэдадні прафесійнага свята – Дня будаўніка – ад імя адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства хачу павіншаваць сённяшніх работнікаў завода і ветэранаў. Сказаць кожнаму дзякуй за вашу працу, за вашы адносіны, за вашу адданасць агульнай справе. Хочацца, каб у вас і ў вашых сем’ях усё было добра, а нягоды і беды абыходзілі вас бокам.
Са святам!

Каранавірусная пандэмія ўнесла значныя карэктывы і ў работу Обальскага керамічнага завода.
«Мінулы год для прадпрыемства быў даволі складаным, – расказвае дырэктар ОКЗ П. І. Манак. – Пандэмія выклікала запавольванне тэмпаў развіцця, спад эканамічных паказчыкаў. Фактычна прыйшлося працаваць у новых умовах».
У першую чаргу гэта тычыцца рынкаў збыту цэглы. Апошнім часам назіралася зніжэнне попыту на будаўнічыя матэрыялы на ўнутраным рынку, як вынік – абальчане актывізавалі работу на расійскім напрамку.
«З пачатку гэтага года ў Расійскую Федэрацыю прадалі цэглы амаль на адзін мільён долараў ЗША, – адзначае Павел Іванавіч. – Традыцыйна обальская цэгла карыстаецца павышаным попытам у Калінінградскай, Архангельскай і Мурманскай абласцях. Радуе, што змаглі вярнуць маскоўскі рынак, замацавалі свае пазіцыі ў Пскоўскай вобласці. Перспектыўным з’яўляецца будаўнічы рынак Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі – Югры, з якім сёлета пачалі супрацоўнічаць».
На Обальскім керамічным ўпэўнены, што толькі выкарыстанне самых сучасных перадавых ідэй дазволіць заводу быць флагманам сярод вытворцаў будаўнічых матэрыялаў. Таму актывізавалася навуковая работа з навучальнымі ўстановамі. Сёння вядуцца даследаванні з фізіка-тэхналагічным інстытутам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па вырабу парызаванай керамікі і Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам па распрацоўцы тэхналогіі вытворчасці керамічных вырабаў з выкарыстаннем прадуктаў хімводаачысткі.
Супрацоўніцтва з навукоўцамі дало плён. Абальчане летам гэтага года зарэгістравалі патэнт на вынаходніцтва «Керамічная маса для вытворчасці сценавых вырабаў». Зараз пачалі работу на атрыманне патэнта на вынаходніцтва «Керамічная маса для вытворчасці будаўнічай цэглы». Адзначым, што патэнты дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Апублікавана ў №60 ад 06.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *