Кіруе брыгадай сантэхнікаў
Па выніках работы за 2020 год старшаму майстру камунальнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства «Шумілінская ПМК-70» Сяргею Філімовічу прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Жыллёва-камунальная дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, сувязь, транспарт і камунікацыі».
Пасля заканчэння каледжа Сяргей Філімовіч пачаў працоўную дзейнасць у Шумілінскай ПМК-70 бетоншчыкам, затым стаў майстрам будаўніча-мантажных работ, а са студзеня 2007 працуе старшым майстрам.
Зараз Сяргей Віктаравіч кіруе брыгадай сантэхнікаў. Здаецца, што нікому не трэба тлумачыць, якое месца ў сучасных збудаваннях маюць сантэхнічныя сістэмы. Дробязей тут не можа быць, уся сістэма павінна працаваць дакладна і без збояў. І пабудаваць яе, наладзіць – справа нялёгкая. Толькі не для Сяргея Філімовіча, якому ў веданні сантэхнічных пытанняў вельмі цяжка знайсці канкурэнта. У Шумілінскай ПМК-70 добра ведаюць, што сантэхнічныя работы, якія былі зроблены пад кантролем Сяргея Філімовіча, ніколі не выклікаюць пытанняў. А яшчэ ён – добры арганізатар.
Майстар пастаянна павышае сваю кваліфікацыю. У мінулым го-дзе адвучыўся і атэставаўся на майстра прылад вонкавых сетак газаправодаў, прылад унутраных сістэм газазабеспячэння. Спецыялізацыя адкрывае абсалютна новыя магчымасці як асабіста для Сяргея Філімовіча, так і ў цэлым для Шумілінскай ПМК-70.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №60 ад 06.08.2021 г.