Б’юці-індустрыя дайшла да Шуміліна і развіваецца шпаркімі тэмпамі

Новости Общество Экономика

Пазногцікі, броўкі, раснічкі

Б’юці-індустрыя дайшла да Шуміліна і развіваецца шпаркімі тэмпамі

Яшчэ некалькі год таму жанчыны Шуміліншчыны не ўяўлялі, што ўрэшце прыйдзе такі час, што ім можна бу-дзе быць прыгожымі, прывабнымі і дагле-джанымі з ног да галавы практычна не выходзячы з дома. Правільней будзе сказаць, не едучы ў абласны цэнтр. За апошні год-два сітуацыя пачала карэнным чынам мяняцца, і наша мясцовая б’юці-індустрыя пачала развівацца шпаркімі тэмпамі. І сёння ў арсенале модніц правінцыяльнага гарадка прэйскурант паслуг не на адзін аркуш. Карэспандэнт раённай газеты разбіралася, што прапануе сёння індустрыя прыгажосці ў Шуміліне і ў чым сакрэт такой прыемнай тэндэнцыі.

Пачнём з цырульніцкіх паслуг. Класіка жанра – стрыжкі, прычоскі, укладкі, афарбоўванне, меліраванне, хімічная завіўка (аказваецца, яе да сённяшняга часу некаторыя ўсё яшчэ робяць!). Між іншым, яшчэ на памяці той час, калі на ўвесь райцэнтр і, можна сказаць, раён была адна цырульня райбыткамбіната з дзвюма заламі: жаночай, дзе пазменна працавалі 4 цырульнікі, і мужчынскай – з трыма майстрамі. Плюс па графіку цырульнік КБА абслугоўваў раён. І многія жанчыны, не трапіўшы ў неабходны час ці дзень да майстра, ці шукалі неафіцыйнага цырульніка на даму, ці ехалі ў горад за прыгажосцю. Сёння цырульні і нават студыі прыгажосці ў Шуміліне на кожным кроку. Толькі ў цэнтры гарадка я налічыла іх 6, у дадатак у раёне МСО – яшчэ дзве, плюс у раёне Верхняга горада адна. І што б вы думалі? Нягледзячы на ўсю гэтую акалічнасць, практычна ўсе яны запатрабаваныя, працуюць па папярэднім запісе, пераважна з напрацаванай кліенцкай базай, і проста вось так зайсці і трапіць да цырульніка не ўдасца, скажу я вам.
Значна пашырыліся і цырульніцкія паслугі. Сёння нашым жанчынам у райцэнтры могуць прапанаваць зрабіць не толькі звыклыя паслугі, але і ламініраванне валасоў, керацінавае выпрамленне, ботакс валасоў, стрыжку «гарачымі нажніцамі» і г. д. І асартымент пашыраецца…
Пазногцікі, броўкі, раснічкі… Я бы назвала вар’яцкім попыт нашых жанчын на гэтыя віды паслуг. А попыт, як кажуць, нараджае прапанову. Манікюр просты, касметычны, лячэбны, нарошчванне пазногцяў гелем, пакрыццё гель-лакам. Трапіць, між іншым, да майстраў манікюру таксама можна толькі па папярэднім запісе. І чарга распісана на месяц наперад. Самае цікавае, што многія майстры ногцевага сэрвісу прызнаюцца, што не адчуваюць асаблівай канкурэнцыі, усім работы хапае, ва ўсіх ёсць свае пастаянныя кліенты і пастаянны даход.
Адна мая знаёмая-майстар падлічыла, што ў яе на летні час кліенцкая база налічвае 120 чалавек, узрост кліентаў ад 12 да 70 год. І лічба трымаецца практычна круглы год, і ніякі кавід і лакдаўн не адбіліся на жаданні жанчын мець дагледжаныя і прыгожыя пазногці. Работы столькі, казала яна, што даводзіцца працаваць практычна без выхадных і без водпуску.
Праўда, такая запатрабаванасць прыйшла не адразу, прыйшлося некаторы час напрацоўваць сабе кліентаў. Пасля курсаў першыя заказы былі ад сяброў і знаёмых, а далей спрацавала «сарафаннае радыё» і рэкамендацыі. У індустрыі прыгажосці ўсё проста: рэйтынг і папулярнасць майстра зыходзяць з якасці аказанай паслугі, з яго прафесіяналізму.
Калі гаварыць пра твар, то зараз на піку папулярнасці, безумоўна, бровы. Ці ўсё ж вейкі?! Столькі ўвагі жанчыны ім не ўдзялялі, напэўна, ніколі. Шуміліна не выключэнне. Бровы фарбуюць, карэкціруюць, укладваюць, нарошчваюць, татуіруюць. Тое ж і з вейкамі. Іх таксама фарбуюць, а яшчэ нарошчваюць як класічна, так і ў аб’ёмах ад 2Д да 5Д…
Летам па зразумелых прычынах асаблівую актуальнасць і попыт набываюць педыкюр, дэпіляцыя і эпіляцыя, шугарынг (дэпіляцыя цукрам). Ёсць прапановы і на касметалагічныя паслугі: чыстка твару, пілінгі, маскі і г.д.
«Бізнес у індустрыі прыгажосці – невычэрпная крыніца даходу, – прызнаецца мая адна добрая знаёмая. – Практычна ўсе жанчыны жадаюць быць прыгожымі, і яны дзеля гэтага гатовыя інвеставаць немалыя грошы ў сваю прывабнасць. Што, між іншым, і робяць. І паверце, педыкюр і манікюр, броўкі і раснічкі – гэта толькі кветачкі ў сучаснай б’юці-індустрыі, якая крочыць, сапраўды, хутчэй, чым мы, жыхары правінцыяльных мястэчкаў, можам сабе ўявіць».
У вялікіх гарадах ва ўсю развіваюцца паслугі пластыкі і VIP-узроўню. А гэта зусім іншы ўзровень расходаў. І, наколькі мне вядома, жыхаркі нашага невялікага гарадка дайшлі-даехалі і да іх…
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №59 ад 03.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *