В «Ловжанском» полным ходом идёт уборка зерновых

Новости Сельское хозяйство

Надвор’е дазваляе эканоміць

У сельгаспрадпрыемстве «Лаўжанскае» поўным ходам ідзе ўборка зерневых.

Камбайнеры Пётр Бардзюкоў і Алег Барысевіч.

 

Віцебская інтэграцыйная структура на нарыхтоўку кармоў выдзеліла прадпрыемству КВК, «Ягуар», граблі, прэс-падборшчык, трактары на адвозку. Дамовіліся, што са жнівом у гаспадарцы справяцца самі. І яны спраўляюцца – за штурваламі камбайнаў мясцовыя механізатары Пётр Бардзюкоў, Алег Барысевіч, Мікалай Карнілаў, Юрый Карага, Аляксандр Драгун.

Лепшы ўраджай азімай пшаніцы гатунку «элегія» вырас ва ўрочышчах Станіславова і Сідараўшчына – больш за 25 цэнтнераў з гектара.
На жніўным полі сустракаем кіраўніка гаспадаркі Анатоля Зянькова і галоўнага агранома Вольгу Каралёву. Яны сочаць за ходам жніва, кантралююць, падказваюць. Трактары своечасова пад’язджаюць да камбайнаў, каб забраць зерне з бункераў. На адвозцы збожжа ў гаспадарцы працуе МАЗ з Обальскага керамічнага завода. Ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам завода на адкамандзіраванне ў сельгаспрадпрыемства яшчэ аднаго аўтамабіля, калі будзе такая патрэба. Анатоль Зянькоў дзякуе работнікам ОКЗ і за дапамогу ў зварачных і такарных работах.
Работнікі мясцовага зернесушыльнага комплексу задаволены, што надвор’е дапамагае эканоміць: азімыя зерневыя прывозяць з вільготнасцю 13%, зерне можна не сушыць. Гэта дазваляе прадпрыемству эканоміць значныя сродкі на прыродным газе. Зерне пераганяюць толькі праз сартавальны пункт і ачышчаюць ад смецця. Такога «падарунка» ад надвор’я работнікі зернесушылкі не бачылі даўно.
На раніцу ўчарашняга дня ў «Лаўжанскім» было ўбрана 847 гектараў зерневых (54,6 % да патрэбнага), намалочана 1876 тон зерня.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №59 ад 03.08.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *