Марына Лабоўкіна: «Чыгунка са мной на ўсё жыццё»

Главное Экономика

Дырыжор чыгуначнага руху

«Чыгунка са мной на ўсё жыццё» – сцвярджае дзяжурная па станцыі Шуміліна Марына Лабоўкіна


Не ведаю, як вы, а я не адзін раз, гледзячы на чараду цягнікоў, якія праходзяць праз станцыю Шуміліна, дзівілася: як пры такім інтэнсіўным руху вытрымліваюцца дакладныя графікі, а саставы прыязджаюць роўна ў вызначаны час на пэўную платформу. Тут адназначна патрэбны дырыжор. І каб так дырыжыраваць чыгуначным рухам, неабходны не толькі спецыяльная падрыхтоўка і веды, але і логіка, здольнасць хутка прымаць рашэнні. Цудоўна спраўляецца з гэтымі задачамі дзяжурная па станцыі Шуміліна Марына Лабоўкіна.
22 гады працоўная біяграфія Марыны Лабоўкінай праходзіць пад мерны стук колаў і працяжны гудок цягнікоў.
Няма нічога дзіўнага, што яна абрала прафесію чыгуначніка: яе бацькі аддалі чыгунцы шмат год, і чыгунка прысутнічала ў яе жыцці з маленства. Калі дзяўчыне пасля школы трэба было вызначацца з прафесіяй, не задумваючыся пайшла на станцыю Шуміліна білетным касірам. Адначасова паступіла завочна ў Аршанскі чыгуначны тэхнікум. Праз год была прызначана дзяжурнай па станцыі. «Я практычна адразу, з першых дзён работы закахалася ў чыгунку з яе «жалезнымі правіламі», – прызнаецца яна. – І сёння не бачу сябе ў іншай прафесіі».
У руках дзяжурнага па станцыі знаходзіцца, можна сказаць, сэрца чыгуначнай станцыі – пульт кіравання, які сёння складаецца з 6 камп’ютараў, на якіх устаноўлены спецыяльныя праграмы. Кожны цягнік, які праходзіць праз станцыю Шуміліна, дзяжурны сустракае і праводзіць, прычым абавязкова ўважліва ацэньвае, як вядуць сябе вагоны, ці няма задымлення, разбурэнняў грузаў, працякання, рассыпання… Калі ўсё добра, падае сігнал машыністу.
Наогул галоўнае ў рабоце дзяжурнай па станцыі – забяспечыць бяспеку руху пасажырскіх і грузавых цягнікоў (іх за змену па станцыі Шуміліна зараз праходзіць 12 пасажырскіх і каля 20 грузавых), запаліць патрэбныя сігналы на святлафорах, перавесці пры неабходнасці стрэлкі, зрабіць адзнакі, на якім пуці і які стаіць састаў, у які час і куды яго трэба накіраваць і г. д. Кожная змена, прызнаецца дзяжурная, – своеасаблівы экзамен на трываласць і стальныя нервы. На чыгунцы здараюцца самыя нечаканыя сітуацыі, і вельмі важна прыняць правільнае рашэнне. І тут без такіх якасцяў, як дысцыплінаванасць, уважлівасць, сабранасць, стрэсаўстойлівасць, не абысціся.
«Дзяжурная па станцыі Марына Лабоўкіна – перш за ўсё вельмі адказны і граматны спецыяліст, прафесіянал сваёй справы, – зазначыў начальнік станцыі Анатоль Атрошчанка. – Вопытная, вельмі добра арыентуецца ў інструкцыях і імгненна рэагуе ў любых сітуацыях. У калектыве яе вельмі цэняць і паважаюць».
Марына Лабоўкіна шчыра пры-знаецца, што вельмі хацела, каб і сын Мікіта пайшоў на чыгунку. Хлопец жа пакуль абраў «аўтамабільныя дарогі» і вучыцца ў Полацкім дзяржуніверсітэце. Хаця хто ведае, можа ў будучым аўтамабільныя дарогі саступяць чыгуначным, да якіх і ў яго мамы, і ў бабулі асаблівыя адносіны і асаблівая любоў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №58 от 30.07.2021 г.

Штодзень каля 400 чалавек карыстаюцца цягнікамі рэгіянальных ліній эканомкласа па станцыі Шуміліна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *