Павел Казлоўскі: «І ў краме можна купіць любую рыбу, але выцягнуць яе з вады самому – вялікі азарт!»

Мир увлечений

І шчупака на фідэр можа злавіць

Рыбалка – любімае хобі многіх мужчын. А для хобі не бывае дрэннага надвор’я. Сапраўдным рыбакам хочацца на рыбалку заўсёды, пастаянна, 24 гадзіны ў суткі, 12 месяцаў у годзе. Павел Казлоўскі – менавіта такі рыбак.

З Паўлам мы знаёмыя з дзяцінства – разам вучыліся ў школе ў паралельных класах. А вось пра яго захапленне рыбалкай я даведалася зусім нядаўна.
– Які твой самы вялікі ўлоў? – пытаюся ў Паўла.
– Самы вялікі лешч – 3,1 кг, карась – 1,5 кг, плотка – 600 грам. Я ўжо два сезоны рыбачу на Заходняй Дзвіне, за выключэннем вясны, калі езджу на Браслаўскія азёры і Вілейскае вадасховішча. За асенні сезон агульны ўлоў склаў 150 кілаграм. На зімовую рыбалку звычайна езджу адзін, а летам мы выбіраемся на возера ўсёй сям’ёй. Нярэдка застаёмся начаваць. Сыну Мішу і дачцэ Сашы падабаецца сядзець ля вогнішча, сачыць за прыгатаваннем ежы, частавацца духмянай юшкай, – дзеліцца Павел.
У жыцці заўзятага аматара рыбалкі быў адзін выпадак незвычайнага ўлову. На Заходняй Дзвіне ён злавіў шчупака вагой 3,4 кг на фідэр, пры гэтым ланцужок з лёскі быў дыяметрам 0,14 мм. Рыбак лічыць, што шчупак на фідэр – гэта рэдкасць, таму што звычайна гэту рыбу ловяць на жэрліцы.
Рыбак Павел Казлоўскі не проста аматар, ён член Шумілінскага рыбалоўнага клуба «Зацэп», які створаны У кантакце. Клуб аб’ядноўвае больш за 1000 сяброў па вудзе. Рыбакі абменьваюцца вопытам, разам адпраўляюцца на возера парыбачыць, сябруюць з рыбакамі з іншых гарадоў і нават суседніх краін. Рыбацкі азарт падаграваюць частыя спаборніцтвы.
У рыбака са стажам, а захапляецца Павел рыбалкай больш за 20 гадоў, вядома, ужо ёсць нямала ўласных сакрэтаў, як адпачыць, парадавацца рыбнай лоўлі і вярнуцца дадому з добрым уловам. А дома Паўла чакае жонка Ірына, якая не ўяўляе свайго рацыёну без рыбы: дробязь яна соліць і сушыць, вялікую фаршыруе ці проста смажыць.
– Канешне, у краме можна купіць любую рыбу, але выцягнуць яе з вады самому – вялікі азарт! – запэўнівае рыбак.
Сёння рыбалка для Паўла Казлоўскага – неад’емная частка жыцця. Яна выхоўвае характар, назіральнасць і нават волю да перамогі. Падрыхтоўку да рыбнай лоўлі хлопец параўноўвае з чаканнем свята.
Усім рыбаловам Павел Казлоўскі жадае, каб рыбалка прыносіла задавальненне і настрой. «Хай вуды не ведаюць прастою, і ўсё, што пажадаеце, клюе па першым клічы!» – такое пажаданне чытачам-рыбакам газеты выказаў ён.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Апублікавана ў №57 ад 27.07.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *