Семья Асяпёнков из деревни Боёвка Шумилинского района держит 5 коров

Семья Экономика

Усёй сям’ёй – на сена

Мнагадзетная сям’я Аляксея і Яўгеніі Асяпёнкаў абрала для сябе вясковы лад жыцця. Купілі дом у Баёўцы, узвялі гаспадарчыя пабудовы і трымаюць пяць кароў.

Аляксей і Яўгенія Асяпёнкі гасцінна запрашаюць у дом і прапануюць паспрабаваць іх любімы напой у спякотныя дні – малако з халадзільніка. Яно, па словах гаспадароў, добра наталяе смагу і вельмі карыснае як дарослым, так і дзецям. «Мы вельмі любім малочныя прадукты, – кажа Аляксей. – Ядзім малочны суп, сыр, тварог, а зверху і яшчэ малаком запіваем».
Аляксей і Яўгенія ў шлюбе 13 гадоў. Як кажа сам гаспадар, ён «вырас на асфальце» (сям’я жыла ў шматпавярхоўцы ў Шуміліне), а вось ягоная абранніца родам з Язвіна. Яе сям’я ўвесь час трымала падсобную гаспадарку, Яўгенія змалку была прывучана да вясковай работы. Можна здагадацца, што першай ініцыятыву завесці карову праявіла менавіта Яўгенія. «Муж доўга аднекваўся і ўпарціўся, але ж мае перакананні былі настойлівымі, – усміхаецца гаспадыня. – Першую карову Таптушку гадоў дзесяць таму нам падарыла мая маці. Жылі мы тады ў Лескавічах. Майму мужу так спадабаліся дамашнія малочныя прадукты, што ён самастойна пачаў цікавіцца жывёлагадоўляй, пародамі буйной рагатай жывёлы. А цяпер можа смела размаўляць з самым вопытным заатэхнікам. У бліжэйшы час марыць купіць цёлку айршырскай пароды».
Калі Асяпёнкі выбіралі для жылля месца паблізу Шуміліна, прыпыніліся на Баёўцы. Тут ціха, немнагалюдна, да таго ж раздолле для развядзення дамашняй жывёлы. Шэсць гадоў таму купілі зруб дома, падведзены пад дах, давялі яго да ладу па сваім гусце. Неўзабаве набылі яшчэ чатырох кароў. Акрамя іх, ёсць яшчэ пакрытая цёлка і бык-вытворца джэрсійскай пароды, які прыехаў да Асяпёнкаў з Наваполацка. А яшчэ на падворку куры, качкі, гусі, індыкі. За ўсёй гэтай багатай гаспадаркай муж і жонка глядзяць разам. Аляксей раней працаваў сталяром і цесляром. Так што для яго няцяжка было пабудаваць гаспадарчыя пабудовы для ўсёй жыўнасці.
Асноўная работа летам – нарыхтоўка сена. Яго патрэбна насушыць як мінімум па тры тоны на адну карову. Траву Аляксей косіць сам – ёсць ротарная касілка да матаблока, на маленькіх участках дапамагае трымер. Участкаў з травой на вуліцы Крыжоўскай, дзе жывуць Асяпёнкі, удосталь. Суседзі толькі рады, калі скошваюць іхнія ўчасткі.
Сена сям’я сушыць усё лета. Пакуль трохгадовая Анечка і двухгадовая Ксенія ў садзіку, бацькам дапамагаюць сыны: адзінаццацігадовы Данік і васьмігадовы Ваня – яны з лёгкасцю спраўляюцца з граблямі. Ну, а астатнюю частку сена на зіму сям’я купляе ў вёсках раёна.
Дзеля зручнасці Асяпёнкі набылі электрапастух, даільны апарат. Галоўным па дойцы з’яўляецца Аляксей. Яўгенія зараз у водпуску па доглядзе да дзіцём, а раней працавала на «Альянс-пласце».
Пытаюся ў гаспадароў, колькі можна зарабіць на малацэ. Аляксей прыкідвае, што нават калі яго здаваць на Шумілінскі цэх, выручка за месяц ад адной каровы будзе больш за пяцьсот рублёў. А калі прадаваць – і таго больш. «Увогуле трымаць гаспадарку – справа выгадная, – перакананы Яўгенія і Аляксей. – Калі маладая сям’я жыве на вёсцы і ёсць жаданне займацца жывёлагадоўляй, то трэба завесці хаця б адну карову. Дзеля экалагічна чыстых малочных прадуктаў».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №57 ад 27.07.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *