Ход жатвы, рациональное использование лесов и вопросы ЖКХ обсудили на заседании Шумилинского райисполкома

Главное Новости Экономика

Убраць вырашчанае, закласці аснову пад будучы ўраджай

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Віктара Гутарава адбылося 23 ліпеня. У пасяджэнні брала ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова.

Жніво
Самае актуальнае пытанне, якое вынесена на парадак дня, – уборка ўраджаю і сяўба азімых пад ураджай наступнага года. «Жніво ўжо ідзе поўным ходам, і гаспадаркі раёна ўзялі добрыя тэмпы. Захаваць гэтыя тэмпы, мабілізаваць усе тэхнічныя і чалавечыя рэсурсы, хутка і якасна сабраць вырашчаны ўраджай – галоўная задача. Пры гэтым трэба весці нарыхтоўку кармоў і рыхтаваць глебу для сяўбы азімых пад ураджай 2022 года», – адзначыў старшыня райвыканкама. Ён звярнуўся да кіраўнікоў гарадскіх арганізацый, каб яны тэрмінова, хто яшчэ не зрабіў гэтага, накіравалі механізатараў і вадзіцеляў у сельскагаспадарчыя арганізацыі. Уборачная – агульная справа, падкрэсліў ён.
Сельгасарганізацыям Шуміліншчыны трэба выканаць заданне па вытворчасці збожжа – 24,7 тысячы тон, насення рапсу – 2,4 тысячы тон. Па дзяржзаказе неабходна паставіць 3050 тон зерня.
Для ўборкі 10881 гектара зерневых і 2438 гектараў крыжакветных плануецца задзейнічаць 40 камбайнаў. Надвор’е спрыяе ходу жніва, збожжа паступае нізкай вільготнасці, што дазваляе эканоміць на сушцы. Але трэба спяшацца, бо сітуацыя ў любы момант можа змяніцца.
Разам з уборкай трэба весці работы па сяўбе азімых культур. Заданне напружанае – 11,5 тысячы га. Ад якасці і тэмпаў работы залежыць ураджай наступнага года.

«Зялёнае золата» Шуміліншчыны
Багаццем Шумілінскага раёна з’яўляюцца лясы. Іх эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне і перапрацоўка складае важкую частку эканомікі раёна. Шумілінскі лясгас ператварыўся ў адно з буйных прадпрыемстваў раёна, якое паспяхова развіваецца, стварае новыя працоўныя месцы. У гэтых умовах важна не толькі эфектыўна выкарыстоўваць спелыя лясы, але і займацца лесааднаўленнем, заўважыў, пачынаючы абмеркаванне другога пытання парадку дня, кіраўнік раёна Віктар Гутараў.
Дырэктар Шумілінскага лясгаса Аляксандр Лабынцаў выступіў са справаздачай аб рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Лясы Беларусі» на 2016-2020 гады.
За перыяд дзеяння праграмы за кошт перадачы зямельных участкаў, якія зараслі драўнінна-хмызняковай расліннасцю, агульная плошча ляснога фонду павялічылася на 1855 га і склала 80,6 тысячы га, плошча пакрытых лесам зямель вырасла да 69,2 тысячы га. За пяць год доля спелых і перастойных насаджэнняў павялічылася на 10% і складае 21,7%.
Штогадовы аб’ём драўніны, які можна нарыхтоўваць, складае 190,4 тыс. кубаметраў, за перыяд дзеяння праграмы агульны аб’ём нарыхтоўкі драўніны вырас з 128,4 тыс. да 158,9 тыс. кубаметраў. Аб’ёмы лесанарыхтоўкі не выконваюцца з-за цяжкадаступнасці лесасек у раёне, сказаў кіраўнік лясгаса.
З мэтай павышэння даступнасці лясных масіваў за мінулую пяцігодку пабудаваны 19,4 кіламетра лясных дарог. Плануецца іх будаўніцтва і ў бягучую пяцігодку. Гэта дазволіць паўней выкарыстоўваць лясныя багацці раёна, адзначыў Аляксандр Лабынцаў.
Прадпрыемства вядзе поўны комплекс работ па павышэнні эфектыўнасці лесавыкарыстання, ахове лясоў раёна. З мэтай рацыянальнага выкарыстання лясных зямель, аптымізацыі насаджэнняў праведзена лесааднаўленне і лесаразвядзенне на плошчы 687 га. З 2016 года сярэдні запас лясных наса-джэнняў вырас на 7 кубаметраў і склаў 206 кубаметраў на 1 га, запас спелых і перастойных насаджэнняў вырас на 23 кубаметры – да 276 куб. м на 1 га.
У рамках рэалізацыі праграмы праведзена мадэрнізацыя – набыта спецыялізаваная тэхніка на суму 1,9 мільёна рублёў, што дазволіла забяспечыць нарфыхтоўку 22,4% драўніны механізаваным спосабам.
Прадпрыемства ў 2020 годзе купіла і ўсталявала лесапільную лінію, якая дазволіла арганізаваць перапрацоўку драўніны ўласнымі сіламі.
За пяць год сярэдняспісачная колькасць работнікаў павялічылася на 17 чалавек і зараз складае 263 чалавекі.
Адбылося зацікаўленае абмеркаванне перспектыў развіцця арганізацыі і павышэння эфектыўнасці яго работы.

Пытанні ЖКГ
З інфармацыяй аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі выступіла загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян Вольга Баранава. Пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі застаюцца асноўнымі ў агульнай колькасці зваротаў у органы ўлады і складаюць да 38%. Дакладчык прадставіў падрабязны аналіз зваротаў, іх вырашэнне. Справаздачу трымалі дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў і дырэктар УКВП «Віцебская жыллёва-камунальная гаспадарка» Сяргей Пуцілоўскі.
Віткар Гутараў падкрэсліў, што вялікая колькасць зваротаў сведчыць пра недастатковую работу арганізацый ЖКГ па вырашэнні праблемных пытанняў, пра нізкую якасць работы, адсутнасць кантролю за выканаўцамі з боку спецыялістаў і кіраўніцтва. Сфера ЖКГ непасрэдна тычыцца кожнага чалавека, і ўзровень работы ў ёй павінен быць найвышэйшы. Трэба працаваць на апераджэнне праблем, а не чакаць, калі цярпенне людзей скончыцца і пачнуцца скаргі, заўважыў кіраўнік раёна.
Па абмеркаваных пытаннях прыняты рашэнні, якія будуць дапрацаваны з улікам выказаных прапаноў і заўваг.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №57 ад 27.07.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *