Перадавая – на палетках
Які нялёгкі шлях праходзіць кожнае зярнятка, перш чым аказацца на стале ў выглядзе бохана хлеба, ведае кожны механізатар ААТ «АграБаравінка». Яны аралі і баранавалі палеткі, сеялі, падкормлівалі і пратручвалі. А зараз самы адказны час – жніво.
Дырэктара гаспадаркі Паўла Шакуна разам з намеснікам дырэктара сельгаспрадпрыемства Мікалаем Рыбікавым сустракаем на пшанічных палетках за Мазекамі. Ён кажа: «Асаблівасць сёлетняга жніва – гэта раннія тэрміны. Выехалі на палеткі на паўтара тыдня раней, чым у мінулыя гады. З-за спякотнага надвор’я азімыя зерневыя “падышлі” раней звычайнага. Наша задача – убраць хлеб не толькі хутка, але яшчэ і якасна. Механізатары працуюць з раніцы да вечара. Працоўная перадавая – на палетках».
За якасцю ўборкі на жніве сочыць малады аграном Андрэй Марозаў. Ён расказаў, што гаспадарцы трэба ўбраць каля 600 гектараў азімых і 550 га яравых зерневых. Азімая пшаніца беларускага гатунку «ядвіся» на полі ля Мазек вырасла нядрэнная. Горш справы з яравымі – месцамі зерне з-за спякоты не налілося як след.
На камбайнах працуюць Сяргей Гоманаў і Сяргей Радзівонаў (хлопец закончыў Гарадоцкі каледж і размеркаваўся ў «АграБаравінку»), а таксама Мікалай Талдыкін і Павел Канстанцінаў (другі год рупяцца разам). «Абмалаціць да 30 гектараў за дзень рэальна, – кажуць механізатары. – Уся надзея на вынослівасць тэхнікі. Нам жа гэтай вынослівасці не займаць. На дапамогу выязджае Яўген Броўкін – ён рупіцца ў дарожнай арганізацыі, а на час жніва садзіцца за штурвал КЗСа. Нагрузка на адзін камбайн прыкладна 350 гектараў. Справімся!»
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №57 ад 27.07.2021 г.