З пытаннямі пра тэхагляд і дарогу
20 ліпеня дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе №38 дырэктар РУП «Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт» Аляксандр Капшуль правёў асабісты прыём грамадзян у будынку Светласельскага сельсавета.
Да дэпутата звярнуліся двое жыхароў аграгарадка Светласельскі. Першы заяўнік папрасіў дапамагчы вырашыць праблему з праходжаннем тэхагляду ў Шуміліне. Перасоўная дыягнастычная станцыя аўтапарка №2 Полацка, якая дагэтуль двойчы на год – у красавіку і кастрычніку– прыязджала ў райцэнтр, у сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве магчымасць выехаць у Шуміліна страціла. І многія ўладальнікі транспарту былі вымушаны ехаць на тэхагляд у Віцебск, Полацк ці Бешанковічы, што, напрыклад, уладальнікам мапедаў зусім няпроста і нязручна.
Сітуацыю пракаментаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, які прысутнічаў на прыёме грамадзян. Кіраўніцтва раёна ведае пра праблему і шукае шляхі вырашэння. У прыватнасці, падабраны падыходзячыя пляцоўкі, аўтапарк №2 Полацка пацвердзіў, што рыхтуе неабходныя дакументы і будзе гатовы восенню ў Шуміліне наладзіць тэхагляд транспарту.
З просьбай дапамагчы ў рамонце дарогі па вуліцы Хамянкова ў аграгарадку Светласельскі прыйшла да Аляксандра Капшуля жыхарка гэтай вуліцы. Доўгі час гравійная дарога была аб’язной, па ёй рухаўся вялікагрузны транспарт, жанчына сцвярджае, што і зараз па вуліцы ідзе шмат сельскагаспадарчай тэхнікі – і пыл стаіць слупом. Жыхары вуліцы неаднаразова на розных узроўнях узнімалі сваё дарожнае пытанне. Нядаўна дарогу падсыпалі асфальтагранулятам, але, па ўсім бачна, што зробленага недастаткова.
Дэпутат паабяцаў вывучыць сітуацыю і па магчымасці дапамагчы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №56 ад 23.07.2021 г.