Вадзіцелі пажарных машын прывыклі жыць у строгай дысцыпліне, калі трэба, і ў агонь ісці…

Главное Общество

Вельмі важна, хто за рулём

У пажарнай ратавальнай справе дробязяў не бывае, поспех аперацыі залежыць ад усіх фактараў: як аператыўна і прафесійна спрацуюць дыспетчар, байцы, тэхніка. І вельмі важна, хто за рулём пажарнай машыны. Бо менавіта ад вадзіцеля залежыць, як хутка да месца надзвычайнага здарэння будзе дастаўлены экіпаж ратавальнікаў, як бесперабойна будзе падавацца вада, як своечасова будзе аказана дапамога людзям.

Сяргей Паграбняк.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

А за рулём пажарных машын у Шумілінскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, як сцвярджаюць самі ратавальнікі і пацвярджае жыццё, – надзейныя і адказныя вадзіцелі. Такія, напрыклад, як Сяргей Паграбняк і Дзмітрый Кляцкоў.

У старшага прапаршчыка ўнутранай службы Сяргея Паграбняка з райцэнтра агульны стаж службы ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях зайздросны – 23 гады. У РАНС ён трапіў пасля заканчэння Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Пры паступленні на службу выказаў жаданне быць вадзіцелем, аднак кіраўніцтва палічыла мэтазгодным адправіць маладога работніка на склад. Мара маладосці ажыццявілася пяць год таму – ён стаў «гаспадаром» дзесяцітоннага МАЗа. У мінулым годзе за ім замацавалі і новую тэхніку – пажарную аўтавышку.

Дзмітрый Кляцкоў.

Старшына ўнутранай службы Дзмітрый Кляцкоў працуе вадзіцелем ЗІЛ-130 на пажарным аварыйна-ратавальным пасту ў Обалі сёмы год, хаця сувязь са службай ратавання ў хлопца з Грудзінава таксама завязалася адразу пасля заканчэння прафвучылішча. Сем год Дзмітрый адпрацаваў майстрам-ратавальнікам на «Паліміры» ў Наваполацку. Пасля, каб зарабіць вадзіцельскі стаж для работы дальнабойшчыкам, працаваў ва-дзіцелем у «Палімір-Агра». Некаторы час каштаваў хлеб дальнабойшчыка, пакуль не абзавёўся ся-м’ёй. Калі нарадзіўся сын, захацелася больш часу ўдзяляць яму і сям’і, таму і прыняў рашэнне застацца на радзіме.
І Сяргей Паграбняк, і Дзмітрый Кляцкоў перакананыя, што працаваць у службе ратавання прэстыжна, ганарацца, што маюць непасрэднае дачыненне да гэтай адказнай і патрэбнай прафесіі. Яны адчуваюць, што ў людзей да яе асаблівае стаўленне, і ўсімі сіламі стараюцца не падвесці свой калектыў – іх машыны ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Вадзіцелі пажарных машын прывыклі жыць па раскладзе, у строгай дысцыпліне, калі трэба, і ў агонь ісці… А даводзіцца і ў агонь, і на ДТЗ, і на пошукі людзей, і на самыя розныя, часам нечаканыя і вельмі трагічныя і небяспечныя, надзвычайныя здарэнні…
Сваё прафесійнае свята Сяргей Паграбняк сустракае ў працоўным водпуску і з заслужанай дзяржаўнай узнагародай – на мінулым тыдні за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў ён атрымаў медаль «За бездакорную службу» II ступені. А вадзіцеля Дзмітрыя Кляцкова чакаюць будні, дзяжурства, бо бяспека землякоў – на першым месцы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №56 ад 23.07.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *