Самые большие посевы галеги восточной в КФХ «Родник» Шумилинского района

Новости Сельское хозяйство

Сакрэт  поспеху  –  галега  ўсходняя

Генеральны дырэктар «Белнасення» Максім Карпук, расказваючы пра выгоды і карысць галегі ўсходняй, адзначыў, што самыя вялікія палеткі гэтай культуры ў Беларусі пасеяны ў СФГ «Раднік» Шумілінскага раёна.

Бабовыя культуры заўсёды былі самай на-дзейнай крыніцай таннага расліннага пратэіну і сыравінай для нарыхтоўкі кармоў, адзначае кіраўнік СФГ «Раднік» Юрый Сямёнаў.

Першыя гектары галегі з’явіліся ў «Радніку» больш за дваццаць гадоў таму. Спецыялісты гаспадаркі вывучалі вопыт Пензенскай і Самарскай абласцей у Расіі, дзе гэта культура з’яўляецца стратэгічнай і на ёй грунтуецца кармавая база – ад галегі прадукцыйнасць кароў павышаецца на 6-10%.  Ці не па гэтай прычыне ў сялянскай (фермерскай) гаспадарцы з году ў год падчас зімовага стойлавага перыяду самыя лепшыя надоі па раёне?  Акрамя высокіх спажыўных якасцей кармоў з галегі, яна выгадная яшчэ і тым, што абагачае глебу азотам, Дарэчы, за апошні год мінеральныя азотныя ўгнаенні падаражэлі практычна ў два разы.

Сёлета ў гаспадарцы пад гэту культуру адведзены 300 гектараў. Сеялі два беларускія гатункі  – «палеская» і «несцерка». Культура, якую за лета косяць двойчы, дае ўраджайнасць зялёнай масы па 300-350 цэнтнераў з гектара. Нядаўна ў Мішкавічах  заклалі траншэю сенажу з галегі на паўтары тысячы тон.

–  Калі галега настолькі выгадная, дык чаму ж яе не сеюць у астатніх гаспадарках нашага раёна? – пытаемся ў Юрыя Сямёнава.

– Рэкламую галегу не адзін год, – кажа Юрый Віктаравіч. – Гэта адзіная бабовая культура, у якой пры сушцы не аблятаюць лісты, якая не патрабуе ні ядахімікатаў, ні ўгнаенняў. У мінулым годзе мы атрымалі тону насення. Яно разышлося па вобласці і за яе межамі, пастаўлялі і на «Віцебскнасентравы». А некалькі гадоў таму ўсё наша насенне выкупілі сельгаспрадпрыемствы Лагойскага раёна. А вось мясцовыя гаспадаркі не бяруць. Чаму? Мабыць, боязна прыступаць да вырошчвання новай для іх культуры. А, можа, таму, што першы год патрэбны пільны догляд пасеваў галегі: трэба правесці вапнаванне, калі кіслыя глебы, перад сяўбой насенне трэба падрапаць у бетонамяшалках або на канюшынных цёрках, потым пасевы варта апрацаваць гліфасатамі. Затое потым галега на адным месцы можа расці да дваццаці гадоў і даваць добры ўраджай.

Дарэчы, спецыялісты з «Радніка» гатовы даць сваім землякам майстар-клас па вырошчванні галегі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *