Сустрэчы з выбаршчыкамі
У панядзелак 30 студзеня наш раён наведала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар Віцебскай абласной філармоніі А. М. Падаляк. Алена Міхайлаўна правяла сустрэчу з выбаршчыкамі нашага раёна ў цэнтральнай бібліятэцы.
А. М. Падаляк спынілася на мерах, якія прыняла дзяржава па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў мінулым годзе, расказала аб дзейнасці па стварэнні Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Дзяржава робіць шмат захадаў па стымуляванні эканамічнай дзейнасці і прыцягненні інвестыцый у эканоміку краіны. Разам з тым, нязменна захоўваецца сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва.
Алена Міхайлаўна расказала аб асноўных накірунках законатворчай работы Савета Рэспублікі ў мінулым годзе, аб міжнароднай дзейнасці беларускіх парламентарыяў у рамках міжпарламенцкіх рэгіянальных і сусветных арганізацый, праграмы “Усходняга партнёрства” Еўрасаюза і іншых мерапрыемствах.
Паколькі большасць прысутных на сустрэчы працуе, як і сама Алена Міхайлаўна, у галіне культуры, размова перайшла да пытанняў і праблем дзейнасці ўстаноў культуры. Асабліва цікавіла члена Савета Рэспублікі дзейнасць устаноў культуры на сяле, пытанні захавання і развіцця клубаў і бібліятэк у маланаселеных вёсках, новыя формы работы, якія прапануюць вяскоўцам работнікі культуры. Шумілінцы са свайго боку цікавіліся дзяржаўнай падтрымкай галіны культуры, перспектывамі яе развіцця, пытаннямі павышэння заробкаў, а таксама новымі праграмамі, канцэртамі і мерапрыемствамі, якія прапануе сёлета абласная філармонія.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №10 ад 03.02.2012 г.