Поле дзейнасці – інтэрнэт
Развіццё сучасных рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ва ўмовах трансфармацыі медыясферы абмеркавалі 11 чэрвеня ў Лепелі галоўныя рэдактары дзяржаўных СМІ Віцебскай вобласці.
Інфармацыйнае поле ў сучасных умовах усе больш і больш змяшчаецца ў інтэрнэт-прастору, якая вызначаецца большай аператыўнасцю і разнастайнасцю і шырынёй падачы інфармацыі. Да таго, асноўнымі крыніцамі інфармацыі акрамя афіцыйных сайтаў СМІ выступаюць сацыяльныя сеткі, блога-сфера, месенджары і відэахостынг YouTube, якія дазваляюць падаваць інфармацыю ў прамым эфіры. Гэтыя сродкі, якія пастаянна развіваюцца, сталі галоўнымі для перспектыўнай аўдыторыі традыцыйных СМІ – моладзі, падлеткаў і дзяцей. Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Гнуценка на пачатку нарады, кіраўнікам рэгіянальных СМІ трэба разам паспрабаваць знайсці адказ на такія пытанні, як што рабіць, каб не спазніцца, не застацца на ўзбочыне прагрэсу, каб ісці ў нагу з часам і задавальняць інфармацыйныя патрэбы насельніцтва ў аператыўнай і аб’ектыўнай інфармацыі.
Адзін з вядучых экспертаў рэспублікі ў галіне інтэрнэт-журналістыкі дацэнт кафедры перыядычнага друку і web-журналістыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржуніверсітэта Аляксандр Градзюшка выступіў перад удзельнікамі семінара па відэасувязі і прадставіў сваё бачанне праблем і рашэнняў лічбавізацыі рэгіянальных СМІ, якія праходзяць свой шлях ад падачы інфармацыі на сайце да работы ў сацыяльных сетках. Менавіта сацыяльныя сеткі лічыць эксперт галоўным інфармацыйным полем сучаснай журналістыкі, менавіта там неабходна дзейнічаць найбольш актыўна, заваёўваць сваю аўдыторыю. Вопытам работы і сваімі падыходамі да праблемы падзяліўся і вядучы рэдактар інтэрнэт-рэсурсу абласной газеты «Віцебскія весці» Пётр Чымкоўскі.
Пра ўзаемадзеянне з рэгіянальнымі СМІ ў сферы рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі расказаў начальнік службы інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Полацкага пагранатрада Дзяніс Глебка.
Аналіз рэалізацыі Указа №630 «Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі» прадставіла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Святлана Дзядзінкіна, якая падкрэсліла, што работа ў гэтым напрамку спрыяе росту аўтарытэту СМІ ў насельніцтва.
Гасцямі лятучкі стала творчая група ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне». Гендырэктар СТБ Кірыл Казакоў прывёз на сустрэчу вядучых журналістаў кампаніі Рыгора Азаронка, Юлію Арцюх і Алёну Радоўскую, якія расказалі аб рабоце ў сучасных умовах грамадска-палітычнага жыцця.
Кіраўнікоў рэгіянальных СМІ вітаў на лепельскай зямлі старшыня Лепельскага райвыканкама Міхаіл Кісялевіч. Удзельнікаў нарады пазнаёміла з работай рэдакцыі газеты «Лепельскі край» яе галоўны рэдактар Святлана Вазняк. Журналісты наведалі цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў Лепельскага раёна, які развіваецца пра падтрымцы грантаў з Германіі. Завяршылася работа лятучкі пасадкай «Алеі адзінства» на тэрыторыі гарадскога храма Нараджэння Хрыстова.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №45 ад 15.06.2021 г.