Экскурсія ў Полацк
Нядаўна райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу была арганізавана паездка ў Полацк. У самы старажытны горад Беларусі адправілася 48 чалавек з пяці сельгасарганізацый раёна, а таксама з райветстанцыі, цэха па вырошчванні птушкі «Вітконпрадукта», ТАА «Вежа».
«Вельмі спадабаўся Сафійскі сабор – праваслаўны і культурна-асветніцкі цэнтр, мы пабывалі на канцэрце арганнай музыкі, – расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі КУСГП «Сіроцінскі» Антаніна Раманава. – Здзівіў раскошны інтэр’ер, высокія калоны і фігурныя карнізы сабора, Барысаў камень на беразе Дзвіны. У Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры мы пабывалі на службе, убачылі Крыж Ефрасінні Полацкай, старадаўнія фрэскі, паглядзелі як вядзецца рэстаўрацыя аднаго з будынкаў. Вельмі спадабаўся музей кнігадрукавання, дзе нам правялі цікавую экскурсію».
Шумілінцы пабывалі і на свяце горада: шэсце арганізацый, «горад майстроў», дзіцячыя пляцоўкі, гандлёвыя рады – усё было цікава.
Паездка ўсіх аб’яднала, работнікі прадпрыемстваў пазнаёміліся адзін з адным, здружыліся. Па дарозе дадому абмяркоўвалі наступныя экскурсіі, бо падобныя паездкі – гэта пазітыўныя эмоцыі і зарад бадзёрасці.
Незабыўная паездка ў Брэст
Кожны з нас ведае пра легендарную Брэсцкую крэпасць. Але паглядзець на свае вочы на ўмацаваныя сцены, якія сталі сведкамі страшных дзён Вялікай Айчыннай вайны, – гэта зусім іншае, упэўнены работнікі лясгаса, якія нядаўна там пабывалі.
«Двухдзённая паездка, у якой бралі ўдзел больш за 40 чалавек, была часткова прафінансавана прафсаюзам, – расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі лясгаса Анастасія Малашонак. – Мы пабачылі абаронныя збудаванні Брэсцкай крэпасці, пабывалі ля скульптурнай кампазіцыі «Смага» і Холмскіх варот, ля помніка «Героям граніцы», у музеі. Пастаялі ля Вечнага агню і ўшанавалі памяць абаронцаў крэпасці, якія паказалі прыклад мужнасці і гераізму».
Падчас экскурсіі шумілінцы заехалі ў Белавежскую пушчу. Усім спадабалася рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Памесце ўсіх ўразіла чароўным выглядам, які зроблены рукамі майстроў: драўляныя скульптуры, узоры на агароджах і акенцах былі падобныя на казачныя. Кропку паставіла фотасесія з галоўным навагоднім персанажам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №43 ад 08.06.2021 г.