Первыми к сенокосу в Шумилинском районе приступили в «АгроБоровинке»

Главное Новости Сельское хозяйство

На касавіцу – талакой

Сяргей Гоманаў і Вячаслаў Дубінін.

Першымі ў раёне да касавіцы прыступілі механізатары ААТ «АграБаравінка»

У гаспадарцы работы па касавіцы разгарнуліся ў комплексе. «Ва ўрочышчы Мазекі на касілках КДН-2,6 працуюць механізатары Ігар Бегуноў і Павел Антошкін, – расказала начальнік участка Аляксандра Міраненка. – Інжынерная служба пераабсталявала зернеўборачны КЗС пад касьбу траў. Гэтай тэхнікай кіруе Мікалай Талдыкін і за дзень скошвае да 16 гектараў траў. На КЗР-10 рупіцца Павел Баршынаў, зялёную масу да сянажных траншэй адвозім на чатырох МТЗ. Атрымалі падтрымку і з інтэграцыйнай структуры: нядаўна з Віцебскага мясакамбіната прыехаў кормаатрад. Віцебскія механізатары працуюць на падборшчыку «Ягуар», на чатырох трактарах на адвозцы і на МТЗ з граблямі. Так што тэхнікі для касавіцы нам хапае».
За вёскай Саладухі на полі засталі дырэктара ААТ «АграБаравінка» Паўла Шакуна і яго намесніка па вытворчасці Мікалая Рыбікава. Кіраўніцтва аглядала палеткі, кантралявала якасць работы механізатараў. «Вячаслаў Дубінін, які працуе на трактары з касілкай, і Сяргей Гоманаў на падборшчыку КВК у сельскай гаспадарцы не навічкі, з такімі рупліўцамі і працаваць лёгка, – кажа Павел Анатольевіч. – Адзначу, што ўсе механізатары перавыконваюць даведзены дзённы план. Напрыклад, Вячаслаў Дубінін скошвае да 18 гектараў за дзень, а Сяргей Гоманаў падбірае з валкоў і здрабняе да 180 тон травы. Асаблівасць сёлетняй касавіцы – работа талакой. Мы вырашылі справіцца з першым укосам як мага хутчэй, таму і запрасілі на дапамогу віцебскі кормаатрад». І такая тактыка мае сэнс, сцвярджаюць аграномы, бо ў сенажы, нарыхтаваным з траў у ранняй фазе калашэння, менш клятчаткі, а больш каштоўнага пратэіну – такія кармы выйграюць за кошт спажыўнасці.
Касавіца ў гаспадарцы ідзе планамерна, за дзень скошваюць больш за 60 гектараў травы. Асабліва ўраджайныя тыя палеткі, дзе падсеяны канюшына і купкоўка. На раніцу ўчарашняга дня ў гаспадарцы з адведзеных 1017 га для першага ўкосу траў было скошана 540 гектараў (53% да патрэбнага).
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №43 ад 08.06.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *