Как справляются с зимними проблемами коммунальники и дорожники Шумилинского района

Актуалии

Зіма падкінула праблем
Не было снегу паўтара зімовых месяца – і добра. І грузавыя, і легкавушкі даязджалі ў любы населены пункт. Але калі за суткі снегу выпала дэкадная норма, адразу ж многія пачалі скардзіцца.
“Тэлефанавалі з Улазавіч і Альшанікаў, – расказала кіраўнік спраў Каўлякоўскага сельвыканкама Ірына Жыгунова. – Там расчысцілі цэнтральную дарогу, але ў баку засталіся па два-тры  дамы, ды яшчэ перад гэтымі завулкамі дарожнікі пакінулі ссунутыя гурбы снегу. А майстры ДРБУ-204 тлумачаць, што яны адказваюць толькі за цэнтральныя вуліцы. Просім іх не пакідаць тыя сто метраў, каб не гнаць у гэтую ж вёску калгасны трактар.
Трактар з лапатай “Прыдзвінскага” расчышчае вуліцы ў вёсках Узрэчча, Харкавічы, Мамойкі, Яцукі. Ва ўсіх астатніх вёсках дарогі расчышчаны сіламі ДРБУ-204».
“На нашым балансе 660 кіламетраў дарог,– гаворыць галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Ермашэнка. – На расчыстцы задзейнічаны 14 адзінак тэхнікі. Акрамя гэтага, працуе брыгада з шасці чалавек, яны ўручную расчышчаюць аўтобусныя прыпынкі, масты. У перыяд моцных снегападаў першачаргова чысцім цэнтральныя дарогі, дзе ходзяць аўтобусы і аўталаўкі, бо адразу і не можам задаволіць усе заяўкі. Але на наступны дзень абавязкова прыязджаем ў астатнія вёскі. Увогуле трымаем сітуацыю пад кантролем”.
Але ж не заўсёды дарогі расчышчаны добра. Напрыклад, у Саўчонках Каўлякоўскага сельсавета нядаўна забуксавала аўталаўка. Вадзіцель не змог самастойна выехаць, прыйшлося прасіць дапамогі ў мясцовай гаспадарцы. Ды і пяску паблізу, каб падсыпаць пад колы, не аказалася.
“А вось мы знаходзім поўнае паразуменне з дарожнікамі, – гаворыць старшыня Мікалаёўскага сельвыканкама Ларыса Бандарэнка. – Яшчэ не было такога, каб вяскоўцы былі без хлеба з-за таго, што не праехала аўталаўка. Пры неабходнасці тэлефануем дарожнікам, падказваем. Праўда, не без скаргаў. У асноўным скардзяцца жыхары не цэнтральных дарог, а завулкаў, якія павінен чысціць камунгас. УП ЖКГ заключыў дагавор з “Ульскім”, але адзін саўгасны трактар не спраўляецца”.
У час гутаркі з камунальнікамі высветлілася, што ёсць праблемы па расчыстцы дваровых тэрыторый. Часта можна ўбачыць такую карціну: з абодвух бакоў і без таго вузкага праезду ля штатпавярхоўкі панастаўлена легкавых машын.
“Ну як тут расчышчаць? – разводзіць рукамі майстар камунгасу Т. М. Буганава. – Не хочацца зачапіць лапатай легкавушку. Вядома, у першую чаргу мы расчышчаем праезную частку. Ёсць для гэтага тры МТЗ, МАЗ, Амкадор, два ЮМЗ. Снег вывозім за межы горада. Не хапае людзей на расчыстку тратуараў. Далі заяўку ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама”.
Многія вяскоўцы прапануюць кіраўніцтву адказных арганізацый перагледзець графікі расчысткі дарог і зрабіць іх больш дасканалымі, каб не прыходзілася, скажам, камунальнікам і дарожнікам адначасова выязджаць у адну і тую ж вёску. Усё ж дадатковыя выдаткі і нязручнасці.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2012.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *