Шанс атрымаць работу
Многія з шумілінскіх хлопцаў і дзяўчат, якія закончылі тую ці іншую навучальную ўстанову, сутыкаюцца з праблемай: няма дзе працаўладкавацца. Работу знайсці не так і лёгка, калі за плячыма ў цябе ні дня працоўнага стажу. Бо рынак працы выстаўляе першае патрабаванне: “стаж работы абавязковы”. А дзе ж яго ўзяць? Вось у такім разе на дапамогу прыходзіць праграма Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі “Маладзёжная практыка”.
“Сутнасць праграмы – забяспечыць часовую занятасць беспрацоўнай моладзі, – расказвае галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В. І. Лакціёнава. – Наймальнікаў мы стымулюем да гэтай справы: першыя паўгода аплачваем расходы па зарплаце маладых работнікаў у памеры мінімальнай заработнай платы і па адлічэннях у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Прапануем маладым курсы перападрыхтоўкі”.
Усяго ў мінулым годзе па праграме “Маладзёжная практыка” былі працаўладкаваны ў раёне шэсць юнакоў і дзяўчат у ААТ “Лаўжанскае”, ААТ “АграБаравінка”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, віцебскія арганізацыі.
“У большасці выпадкаў моладзь застаецца працаваць на сваім першым рабочым месцы,” – гаворыць Вольга Іванаўна.
Дзякуючы праграме “Маладзёжная практыка” юнакі і дзяўчаты не проста атрымалі работу, але і змаглі асвоіць канкрэтную спецыяльнасць. А некаторыя знайшлі сваё прызванне. Як, напрыклад, Анатоль Сафончык з Башнёў. Праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне яго накіравалі працаваць вадзіцелем аўтобуса ў “АграБаравінку”. “Работа падабаецца, думаю застацца ў гаспадарцы назаўсёды. Кіраўніцтва разумее, падтрымлівае, – гаворыць Анатоль. – Дык чаго бегаць з аднаго месца на другое? Тым больш, што абяцаюць даць новы аўтобус”.
І з Віктарам Філінам кіраўніцтва прадпрыемства меліярацыйных сістэм заключыла працоўны кантракт. Хлопца працаўладкавалі сюды пасля курсаў вальшчыкаў лесу. “Работа як работа, – гаворыць Віктар. – Напэўна, усюды ёсць свае цяжкасці. Але працаваць усё ж лепш, чым сядзець без справы”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2012.