XVI абласное свята гумару «Смяяцца не грэх» прайшло ў Шумілінскім раёне
Гумарыстычны батл ладзіцца раз на два гады і збірае творчыя калектывы з усіх куткоў Віцебскай вобласці. У гэты раз свята прайшло ў аграгарадку Мікіціха. Тэма для выступленняў была выбрана надзвычай сур’ёзная – «За бяспеку жыццядзейнасці», але правіў на фестывалі, як звычайна, смех.
Тэатры мініяцюр прадставілі гумарыстычныя міні-спектаклі на тэму «Любоў не пажар, загарыцца не патушыш», індывідуальныя выканаўцы чыталі байкі, гумарэскі, фельетоны, рабілі пародыі. Гледачы маглі не толькі падзівіцца, але і паўдзельнічаць у перформансах і флэшмобах. Аўтаклубы адправіліся з выступленнямі ў розныя куткі Шумілінскага раёна – яны ўдзельнічалі ў конкурсе «Вясёлы аўтобус». Каб падарожжа было максімальна камфортным, кожны калектыў атрымаў запасное кола – сувенір-талісман ад Шумілінскага цэнтра дзяцей і моладзі.
Выступленні доўжыліся з ранку да позняга вечара. Хто б мог падумаць, што існуе столькі жартаў пра бяспеку і пажарных! У заўсёднікаў фестывалю даўно ёсць свае любімыя артысты і калектывы. Любяць тут лепельскі «Балаган» і гарадоцкі «Фанограф», чакаюць выступлення «Сваіх хлопцаў» з Міёр і «Шпількі» з Глыбокага.
Гаспадары сцэны, народны тэатр мініяцюр «БУФФ» Шумілінскага раённага цэнтра культуры, прэзентавалі праграму «Гумарыстычная пражарка».
– Мы паспрабавалі давесці думку пра тое, што пажар узаемаадносін, канфлікты, што часам узнікаюць паміж блізкімі, лепш тушыць своечасова. Бывае, што для гэтага дастаткова купіць торт ці букет кветак, – падзялілася рэжысёр Таццяна Багданава.
Лілія Барадзёнак была надзвычай пераканаўчая ў ролі яўрэйскай матулі, Аляксей Цімафееў выдатна паказаў не вельмі абцяжаранага сямейнымі абавязкамі мужчыну, а Аляксандр Карнілаў аказаўся надзвычай арганічны ў ролі цешчы. Журы адзначыла калектыў дыпломам «За папулярызацыю жанру».
Аўтарскі гумарыстычны міні-спектакль «Запалкі не цацка, каханне не забава» прэзентаваў на свяце народны тэатр мініяцюр «Балаган» Лепельскага раённага дома культуры. Як і ў мінулы раз, калектыў заваяваў Гран-пры конкурсу.
– На звычайныя жыццёвыя сітуацыі мы глядзім праз прызму гумару, і гледачоў гэтаму вучым, – падзялілася рэжысёр Таццяна Невядомская. – Нашаму тэатру ўжо 30 год – гэта моцны згуртаваны калектыў, які лёгка ўвасабляе ў жыццё самыя смелыя ідэі.
Неверагоднай артыстычнасцю скарыў журы і гледачоў Дзмітрый Паўлаў з Лепеля і заваяваў дыплом за лепшую мужчынскую ролю. Хлопец гадоў 10 з тэатрам. Яшчэ школьнікам ездзіў на веласіпедзе на рэпетыцыі за пяць кіламетраў. Затым скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, некаторы час працаваў у школе мастацтваў, некалькі апошніх год рупіцца рэжысёрам Лепельскага раённага Дома культуры і мастаком-пастаноўшчыкам тэатра мініяцюр «Балаган». Дарэчы, дыплом за лепшую жаночую ролю атрымала таксама ўдзельніца гэтага калектыву – Вольга Пятрова.
– У вобласці шмат таленавітых людзей, творчых калектываў, што ўмеюць рассмяшыць. І мы вельмі рады, што і сёлета, нягледзячы на пандэмію, свята гумару прайшло ў звычайным фармаце, – адзначыла дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука. – Галоўнае, што мы разам і мы з гумарам.
Словы ўдзячнасці за нялёгкую, але такую важную працу выказаў артыстам намеснік начальніка аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры аблвыканкама Алег Агееў.
Педагог Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, старшыня журы Ігар Баярынцаў заўважыў, што камедыйны жанр надзвычай складаны, існуюць межы, якія лепш не пераходзіць. Ён пажадаў артыстам шукаць тэмы для пародый і жартаў у нашай краіне, менш звяртацца да расійскага матэрыялу, больш выступаць на роднай мове. Прыз глядацкіх сімпатый заваяваў калектыў каледжа культуры і мастацтваў.
Спецыяльны прыз абласнога ўпраўлення МНС атрымаў народны тэатр мініяцюр «Покер» Браслаўскага раённага цэнтра культуры (кіраўнік Яўген Набееў). Узнагароду ўручыла начальнік цэнтра бяспекі жыцця-дзейнасці і ўзаемаадносін з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС Наталля Туркова.
– Вядома, жартаваць пра бяспеку складана, прасцей яе захоўваць, – сказала спецыяліст. – Мы даўно і з поспехам супрацоўнічаем з культработнікамі, у нас шмат сумесных праектаў, накіраваных на бяспеку жыццядзейнасці.
Наталля Васільеўна ўручыла Падзяку абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях за наладжанае ўзаемадзеянне Кацярыне Лабука.
Сярод членаў журы конкурсу была і намеснік старшыні Шумілінскага райвыканкама Ірына Шалахава, якая падзякавала усім канкурсантам за бліскучыя выступленні і прызналася, што даўно так не смяялася.
Праз два гады аматары дасціпнага гумару зноў збяруцца ў Шумілінскім раёне, каб паспаборнічаць ва ўменні смяшыць народ.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №39 ад 25.03.3021 г.