Дзе і як будуць адпачываць нашы школьнікі?
Навучальны год выйшаў на фінішную прамую, і вось-вось ужо нахлыне дзіцячая радасць – лета! Чым яно будзе напоўнена, якія формы адпачынку (пра выпускнікоў размову не вядзём, іх лета звязана з іншымі клопатамі) прапануюць установы адукацыі?
Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Шумілінскага райвыканкама Вольга Далецкая, летам дзённыя аздараўленчыя лагеры будуць адкрыты на базе 11-ці ўстаноў адукацыі.
Першая змена будзе працаваць з 7 па 26 чэрвеня; другая – з 28 чэрвеня па 19 ліпеня; трэцяя – з 19 ліпеня па 7 жніўня. Усе змены – па 18 дзён.
– У сувязі з тым, што Шуміліна актыўна рыхтуецца да «Дажынак» і шматлікія рамонтныя работы запланаваны на лета ў СШ №1 і СШ №2, бацькі вучняў гэтых школ занепакоены тым, што сёлета ў Шуміліне не будзе дзе адпачыць дзецям.
– Тое, што ў Шуміліне будуць весціся работы да абласнога кірмашу работнікаў АПК, не павінна перашкодзіць адпачынку дзяцей. І для гэтага мы арганізоўваем выязныя аздараўленчыя школьныя лагеры. Так, 50 школьнікаў з СШ №1 будуць адпачываць у першую змену на базе Мікіціхінскай СШ. На базе Слабадской я/с–БШ будзе арганізаваны адпачынак 20-ці школьнікаў з СШ №2 (першая змена). Акрамя гэтых школ у першую змену аздараўленчыя лагеры адкрыюць Обальская СШ (20 чалавек), Мішкаўская я/с–пачатковая школа (10 чалавек), Слабадская я/с–БШ (15 вучняў), Обальскі яслі/сад (28 дзяцей).
– У Мікіціху і Слабаду будзе арганізаваны падвоз дзяцей?
– Так, кожную раніцу школьныя аўтобусы будуць падвозіць дзяцей да месцаў адпачынку, а вечарам – назад, у Шуміліна.
– Гэта ўваходзіць у кошт пуцёўкі?
– Не, падвоз бясплатны. А пуцёўка на 18 дзён каштуе ўсяго 25 рублёў. Пры гэтым адзначым, што ў аздараўленчых школьных лагерах будзе арганізавана трохразовае харчаванне.
– Работа школьных аздараўленчых лагераў у другую і трэцюю змены будзе арганізавана па такой жа схеме?
– У другую змену аздараўленчыя лагеры будуць працаваць у Амбросавіцкай я/с–БШ (18 чалавек), Башнеўскай БШ (15 чалавек), Кардонскай СШ (20 чалавек) і Мікіціхінскай СШ (30 школьнікаў), у трэцюю – у Мішневіцкай я/с–БШ (15 чалавек). У дадатак, падчас другой змены ў Обальскай, Мікіціхінскай і Кардонскай школах для падлеткаў (па 10 чалавек у кожнай) будуць арганізаваны лагеры працы і адпачынку з трохразовым харчаваннем. Адпачынак у гэтых лагерах бясплатны, а за сваю работу дзеці атрымаюць грашовае ўзнагароджанне.
– А кругласутачны лагер «Пунсовы ветразь» збіраецца ў гэтым годзе прымаць дзяцей на адпачынак?
– Безумоўна. «Пунсовы ветразь» будзе працаваць у дзве змены (таксама па 18 дзён): 1-я – з 16 чэрвеня па 3 ліпеня, другая – з 7 па 24 ліпеня. Плануецца, што за дзве змены тут адпачнуць 140 дзяцей. Кошт пуцёўкі для дзяцей 6-10 год складае 297 рублёў, 11-13 год – 310 рублёў, 14-18 год – 320 рублёў.
– Дарагавата, калі толькі частку выдаткаў не возьмуць на сябе прафсаюзы, ды і льготы, напэўна ж, ёсць для пэўных катэгорый…
– Дзеці з мнагадзетных сямей; дзеці-інваліды; дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзе бацькі з’яўляюцца работнікамі бюджэтных устаноў; дзеці, у якіх бацькі (абодва) з’яўляюцца непрацуючымі інвалідамі 1 ці 2 групы; дзеці, чые бацькі – непрацуючыя пенсіянеры, могуць прайсці аздараўленне бясплатна не больш аднаго раза ў сезон.
– Мы нічога не сказалі пра валанцёрскія лагеры, калі такія запланаваны на гэтае лета.
– Сёлета плануем работу двух валанцёрскіх лагераў. Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат з 13 па 22 жніўня арганізоўвае работу валанцёрскага лагера «Навукаград» для сарака здольных і таленавітых дзяцей раёна. Тут будзе арганізавана пяціразовае харчаванне, розныя мерапрыемствы, а таксама гульнявыя заняткі з мэтай падрыхтоўкі да алімпіяд. Таксама Шумілінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі арганізуе дзевяцідзённы (з 13 па 21 жніўня) валанцёрскі палатачны лагер для дзесяці падлеткаў. Гэты лагер будзе базіравацца каля раённай гімназіі – з тым, каб можна было арганізаваць пяціразовае харчаванне. Кошт пуцёўкі ў валанцёрскія лагеры складае 25 рублёў.
Застаецца толькі пажадаць усім хлопчыкам і дзяўчынкам добрага цікавага адпачынку, а бацькам – упэўненасці, што іх дзеці пад надзейным наглядам.
* * *
Традыцыйна для выхаванцаў СДЮШАР ўлетку будзе арганізаваны спартыўна-аздараўленчы лагер «Старт» на базе Амбросавіцкай я/с – БШ. Як расказаў дырэктар спартыўнай школы Алег Асташонак, лагер будзе працаваць у дзве змены, першая пачнецца 7 чэрвеня.
У «Старце» адпачнуць і аздаровяцца 44 выхаванцы спартыўнай школы, якія займаюцца ў шумілінскіх аддзяленнях, а для 15 юных спартсменаў з аддзялення грэка-рымскай барацьбы ў Обалі, лагер будзе арганізаваны на базе Обальскай СШ.
Аліна ПЯТРОВА.
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў № 38 ад 21.05.2021 г.