Самы час наводзіць парадак
На мінулым тыдні Дзень работы з насельніцтвам прайшоў на тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета. Рабочыя групы, у склад якіх уваходзіла кіраўніцтва раёна, спецыялісты ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, ТЦСАН, іншых адказных і зацікаўленых структур, за два дні аб’ехалі ўсе населеныя пункты сельсавета.
Падчас сустрэчы з жыхарамі Новазаронава.
Група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам наведала аграгарадок Слабада, вёскі Дворышча, Чысці, Новазаронава, Грышаны, Грабніца і Філіпенкі. На сходах Мікалай Аляксеевіч расказаў пра «Дажынкі», якія сёлета пройдуць у Шуміліне, пра падрыхтоўчую работу, якая вядзецца ў райцэнтры. Разам з гэтым адзначыў, што работы па навядзенні парадку трэба фарсіраваць у кожным, нават самым маленькім населеным пункце – на падворку, у пад’езде, ля гаспадарчых пабудоў, ля агародаў. І гэта тычыцца не толькі мясцовых жыхароў, але і дачнікаў.
Жыхароў аг. Слабада цікавілі пытанні капітальнага рамонту шматкватэрных дамоў, выдзялення арэнднага і сацыяльнага жылля, аплаты за кватэру, калі ўласнік жылога памяшкання не працаўладкаваны. Мясцовыя жыхары атрымалі грунтоўныя адказы на ўзнятыя пытанні. Адна з жанчын шаноўнага ўзросту падзякавала работнікам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за добрую работу, уважлівыя адносіны да адзінокіх старых.
Маленькія вёскі сустрэлі вішнёвай квеценню і пунсовай прыгажосцю цюльпанаў, якіх было багата ў кветніках. Тут людзі былі даволі актыўнымі, адчувалася работа старэйшын: у прызначаных месцах сабраліся практычна ўсе жыхары населеных пунктаў, прыйшлі і дачнікі. У Дворышчы і Чысцях людзі прасілі прагрэйдзіраваць і падсыпаць дарогу, прыбраць грамадзянскія могілкі.
Прадстаўнікі рэйдавай групы патлумачылі, што вываз смецця, прывоз пяску для навядзення парадку – гэта справа камунгасу, а вось ля магіл павінны прыбіраць сваякі памерлых. Акцэнтавалася ўвага на тым, што на тэрыторыі могілак можна садзіць толькі саджанцы кустоў, а не дрэў.
Да каго можна звярнуцца, каб перакрыць дах, адрамантаваць электраправодку і печку – гэтыя пытанні хвалявалі жыхароў в. Чысці, Новазаронава і Грышаны. Вяскоўцам былі дадзены кантакты адпаведных службаў, прадпрымальнікаў ці жыхароў раёна, якія могуць дапамагчы ў гэтых пытаннях.
Вёскі Грабніцы і Філіпенкі, дзе пражывае многа дачнікаў, прыемна ўразілі чысцінёй. І ў час нашага прыезду людзі абкошвалі траву, ставілі агароджы. Вяскоўцы прасілі пасадзейнічаць у зносе старога дома, які належыць мясцоваму сельгаспрадпрыемству і псуе ўвесь выгляд вёскі. У Філіпенках і многіх іншых вёсках задавалі пытанні набыцця дроў. Вяскоўцам патлумачылі, што іх можна купіць не толькі па паліўнай кніжцы ў райпаліўзбыце, але яшчэ і ў лясніцтвах. Жыхароў Грабніцы хвалюе, што цячэ дах прыпыначнага пункту, а ў Філіпенках увогуле яго няма – людзі прасілі ўстанавіць хоць маленькі павільён, дзе можна будзе схавацца ад дажджу. Гэтыя пытанні ўзяты на аловак.
У рамках дня работы з насельніцтвам участковы інспектар РАУС Дзмітрый Зубараў наведаў сем’і і асоб, якія знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №37 ад 18.05.2021 г.