Эфектыўна адпрацаваць укладанні ў эканоміку
Вынікі работы раёна за першы квартал 2021 года і развіццё сельскай гаспадаркі былі ў цэнтры ўвагі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта 23 красавіка.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў адзначыў, што ўкладанні ў Шумілінскі раён за апошнія два гады зроблены з боку дзяржавы значныя: мадэрнізацыя Обальскага керамічнага завода, развіццё г. п. Обаль, укладанні ў падрыхтоўку г. п. Шуміліна да «Дажынак». Гэта абавязвае нас эфектыўна адпрацоўваць укладанні, даць вынікі ў выглядзе росту вытворчасці прадукцыі.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка, якая далажыла пра вынікі работы раёна за студзень-сакавік бягучага года, адзначыла, што раён выканаў усе тры ключавыя паказчыкі: тэмп росту налічанай зарплаты склаў 114,4% пры заданні 109,1%; тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў 189,1% (заданне 101%); сукупныя паступленні ў кансалідаваны бюджэт раёна 115% (заданне 108,4%). З 13 рэйтынгавых паказчыкаў, якія ўплываюць на развіццё раёна, выкананы 6, уключаючы ключавыя. Індэкс прамысловай вытворчасці склаў 117% пры заданні 104,2%; тэмп росту будаўнічых мантажных работ – 192,2% (167,3%), прагназуецца выкананне паказчыка па энергазберажэнні «мінус 1,3%». Не выкананы вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі – 97,7% (заданне 103%); тэмп росту рознічнага тавараабароту – 98,8% (100%), раён працуе з адмоўнай рэнтабельнасцю продаж і чыстымі стратамі, не забяспечана заданне па зніжэнні вытворчых затрат, увядзенні ў эксплуатацыю жылых дамоў, экспарту тавараў і паслуг.
Дакладчык прааналізавала выкананне паказчыкаў кожным прадпрыемствам, нацэліла кіраўнікоў на мабілізацыю ўсіх рэсурсаў з мэтай выканання паўгадавых і гадавых паказчыкаў.
Былі заслуханы справаздачы дырэктара Обальскага керамічнага завода Паўла Манака і дырэктара Шумілінскай ПМК-70 Аляксея Крыўко, якія паведамілі пра меры, што прымаюцца для выканання эканамічных паказчыкаў.
Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Руслан Яскевіч паведаміў аб ходзе выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2020 года №70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці».
У рамках указа тры гаспадаркі раёна ўвайшлі ў інтэграцыйныя структуры: на базе ААТ «Віцебскі мясакамбінат» – СУП «Лаўжанскае» і ААТ «АграБаравінка», на базе ААТ «Полацкі малочны камбінат» – КУСГП «Ульскі». Але аналіз вытворчых і фінансавых паказчыкаў дэманструе, што сітуацыя ў лепшы бок не змянілася, канстатаваў дакладчык. Тэмп росту прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 97,7% да мінулага года. Пяць сельскагаспадарчых арганізацый забяспечылі прырост вытворчасці да ўзроўню 2020 года, нізкія тэмпы прыросту склаліся ў ААТ «Прыазёрны мір» і «Прыдзвінскі», КУСГП «Мішневічы», УП «Шумілінскі райаграсэрвіс». Аналіз сітуацыі па кожнай гаспадарцы паказвае, што ліквідацыя хібаў, забеспячэнне ўстойлівай дынамікі вытворчасці поўнасцю знаходзіцца ў руках сельскагаспадарчых арганізацый, іх кіраўнікоў, спецыялістаў і працоўных калектываў. Неабходна задзейнічаць усе ўнутраныя рэсурсы па нарошчванні вытворчасці і зніжэнні затрат, канстатаваў Руслан Яскевіч. Ён таксама акрэсліў кола мер, неабходных для выхаду са складанага фінансавага становішча. Гэта, у першую чаргу, строгае захаванне тэхналагічных працэсаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве, кантроль з боку спецыялістаў гаспадарак за гэтым.
Таксама на пасяджэнні райвыканкама была заслухана інфармацыя намесніка старшыні райвыканкама Руслана Насцюшкіна аб ходзе падрыхтоўкі аб’ектаў Шуміліна і Шумілінскага раёна да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі-2021». Больш за 100 аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сферы будуць абноўлены да абласнога свята. У прыватнасці, будзе капітальна адрамантавана 16 дамоў, бягучы рамонт будзе праведзены на 27 дамах. Значныя работы будуць выкананы па рамонце дарожнага пакрыцця вуліц райцэнтра, тратуараў, праведзена добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, месцаў грамадскага карыстання. Многае выканана яшчэ ў мінулым годзе, зараз разгарнуліся работы на дзясятках аб’ектаў. Агульныя ўкладанні ў будаўніцтва, мадэрнізацыю, рамонт і добраўпарадкаванне перавысяць 26 мільёнаў рублёў. Гэта дазволіць палепшыць умовы для жыцця для жыхароў райцэнтра і раёна, але патрабуе напружанай работы ад усіх арганізацый, якія задзейнічаны ў работах па падрыхтоўцы да «Дажынак».
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №32 ад 27.04.2021 г.