Шумилинских спасателей-ветеранов поблагодарили за службу

Новости Общество

Былых ратавальнікаў не бывае

17 красавіка адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.


Кажуць, былых ратавальнікаў не бывае. Ветэраны-ратавальнікі Шуміліншчыны – таму яскравы прыклад. Яны і сёння ў страі, актыўныя, нераўнадушныя, аптымістычныя, незалежна ад таго, колькі гадоў таму развіталіся з пажарнай службай. У іх і сёння адчуваецца стальная загартоўка, высокае пачуццё адказнасці за жыццё чалавека і лёс радзімы, імкненне дапамагчы ў цяжкай і складанай сітуацыі.

Выратаваныя жыцці, будынкі, матэрыяльныя каштоўнасці – вось, мабыць, галоўная ўзнагарода за працу кожнага былога супрацоўніка службы ратавання. Хаця не апошнюю ролю тут адыгрывае павага і прызнанне ад іх цяперашніх калег і землякоў.
Пасля выхаду на пенсію ветэранаў-пажарных бярэ пад сваё крыло Беларуская грамадская арганізацыя ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях «Ратавальнік». Яна была створана ў 2002 годзе менавіта з той мэтай, каб перадаваць вопыт маладому пакаленню, аказваць дапамогу ветэранам службы, зрабіць больш разнастайным жыццё на пенсіі.
Ёсць такая арганізацыя і ў нашым раёне. Зараз яна налічвае ў сваіх радах 30 чалавек. З дня заснавання раённую арганізацыю ветэранаў-ратавальнікаў узначальвае Мікалай Жукаў, былы начальнік раённай пажарнай службы, які 26 год аддаў справе ратавання.
«Члены нашай ветэранскай арганізацыі па-ранейшаму цікавяцца жыццём аддзела, уносяць свой уклад у падрыхтоўку і выхаванне кадраў ратавальнай службы раёна, актыўна ўдзельнічаюць у святочных мерапрыемствах да прафесійных святаў, – кажа Мікалай Уладзіміравіч. – Ветэранская арганізацыя пажарных – пастаянныя ўдзельнікі шматлікіх раённых акцый. Усім прыемна адчуваць сваю запатрабаванасць».
Кожны год у гэты дзень у аддзеле па надзвычайных сітуацыях ладзяцца ўрачыстасці. Новае пакаленне ратавальнікаў не забывае сваіх настаўнікаў і вопытных сяброў і запрашае ў госці, каб расказаць пра свае сучасныя нялёгкія будні і дасягненні, паслухаць іх успаміны пра службу і атрымаць слушныя парады. Найбольш сталых кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях разам са старшынёй ветэранскай арганізацыі віншуе са святам на даму. Усім ветэранам-ратавальнікам дзякуюць за службу, якая стала для многіх з іх справай усяго жыцця, жадаюць здароўя, бадзёрасці, жыццёвай энергіі і дабрабыту ў сем’ях. Сёлетні год не будзе выключэннем.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №29 ад 16.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *