«Дарогу зрабіце – будзем вельмі ўдзячны»
Красавік. Па графіку – Дзень работы з насельніцтвам у Мікалаеўскім сельсавеце. На мінулым тыдні за два дні рабочыя групы з ліку кіраўніцтва раёна (групы ўзначалілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава), землеўпарадкавальнай, сацыяльнай і праваахоўнай службаў наведалі ўсе населеныя пункты сельсавета.
Сустракаліся з вяскоўцамі, каб выявіць праблемныя пытанні, якія іх непокояць і патрабуюць рашэння на раённым узроўні, а заадно правесці інфармацыйна-тлумачальную і прафілактычную работу. На жаль, групы адзначылі нізкую актыўнасць насельніцтва…
Практычна галоўным галаўным болем для вяскоўцаў (і не толькі) ў гэты перыяд часу стаў стан дарог. Дарогу зрабіце – будзем вельмі ўдзячны, гаварылі раённым уладам у Шодзіках, Рыпіншчыне, Лакетчыне, Сутоках, Макраках, Бубалях, Андрэеве, дзе на сённяшні дзень дарогі маюць незайздросны выгляд. Просіць паднаўлення дарожнае пакрыццё ў Мікалаеве. «Вясна сёлета позняя, і да гэтага часу не было магчымасці заняцца дарогамі – мокра, гразка, – каменціраваў сітуацыю старшыня Савета Уладзімір Сядлоўскі. – Як толькі падсохне, ушчыльную зоймемся рамонтам: прагрэйдзіруем, падсыпем, дзе трэба. Ёсць дамоўленасць з дарожнікамі і мясцовым падраздзяленнем УП ЖКГ».
Актуальнае на гэты перыяд і пытанне добраўпарадкавання як месцаў агульнага карыстання, так і прыватных прысядзібных участкаў, прыдамавых тьэрыторый. Псуе выгляд цэнтральнай вуліцы Вінера ў Кардоне, якраз насупраць сельскага клуба, абы-як пакладзены калодзеж цэнтральнага водазабеспячэння; патрабуе абкошвання і высечкі хмызняку тэрыторыя ў Міхалове; просіць добраўпарадкавання тэрыторыя каля калонкі і каля фермы ў Андрэеве. Адным словам, просіцца суботнік, просіцца вялікая ўборка.
У Кардоне і Мішкавічах прасілі прыняць меры да бадзяжнай жывёлы, якой апошнім часам развялося ў наваколлі столькі, што боязна і небяспечна хадзіць. У Андрэеве паскардзіліся на невыкананне графіку работы аўтамагазіна, які можа спазняцца нават на дзве гадзіны.
Таксама падчас сустрэч паступілі пытанні па медыцынскім абслугоўванні на даму катэгарыраваных грамадзян, аказанні дапамогі ў набыцці сродкаў рэабілітацыі, просьба на старонках раённай газеты расказаць пра паслугі па чыстцы дымаходаў, рамонт печак і абкошванні прысядзібных участкаў.
Усе крытычныя заўвагі абагульнены, складзены пратакол даручэнняў з указаннем выканаўцаў і тэрмінаў выканання ўзнятых жыхарамі Мікалаеўскага сельсавета пытанняў.
У рамках Дня работы з насельніцтвам у жыхароў сельсавета будзе магчымасць прыйсці на асабістыя прыёмы да кіраўніцтва раёна, якія будуць ладзіцца 20 красавіка. Сачыце за інфармацыяй у газеце.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №28 ад 13.04.2021 г.