Пытанні камунальныяі па стану дарог
У мінулую суботу старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч правёў «прамую тэлефонную лінію» з жыхарамі раёна. Пераважная большасць званкоў тычылася пытанняў добраўпарадкавання, былі звароты па камунальных паслугах.
Першай на «прамую лінію» патэлефанавала жыхарка прыватнага сектара райцэнтра (вул. Ударная). Яна вельмі занепакоена тым, што з-за леташняй ачысткі канала, якую праводзілі меліяратары, сёлета пад пагрозай абрушэння апынуўся яе зямельны ўчастак. Вырашэннем пытання, заўважыў Мікалай Аляксеевіч, будзе займацца Шумілінская ПМК-70, якая ўзяла пад сваё крыло прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Жыхарка в. Тупічына Обальскага сельсавета паскардзілася старшыні райсавета на нездавальняючы стан дарогі ад Грудзінава да Тупічына. З падобным пытаннем звярнулася і жыхарка в. Шыпуліна Мішневіцкага сельсавета. Дарожнае пытанне трымае на кантролі і старэйшына вёскі Засіннікі Светласельскага сельсавета Л. Х. Бабкова. Мікалай Будневіч запэўніў жанчын, што пытанні актуальныя, складаныя і вядомыя, знаходзяцца на кантролі, работнікі ДРБУ-204 і Дзяржаўтаінспекцыі праводзяць сумесныя мерапрыемствы па прыцягненні да адказнасці вінаватых асоб і суб’ектаў гаспадарання. З наступленнем спрыяльнага надвор’я будуць праведзены работы па добраўпарадкаванні дарог, у прыватнасці, грэйдзіраванне.
У аграгарадку Слабада ў дварах дамоў па вуліцы Афанасьева пасля зносу хлявоў засталося будаўнічае смецце – яго і просяць прыбраць вяскоўцы. Вырашана, што гэта бу-дзе зроблена пасля таго, як падсохне і можна будзе без праблем прыгнаць на ўчастак транспарт мясцовага падраздзялення УП ЖКГ.
Жыхарцы райцэнтра, якая хоча падключыць дом да электраацяплення, Мікалай Будневіч параіў звярнуцца ў службу «адно акно» райвыканкама, дзе ёй будзе дадзены ўсебаковы вычарпальны адказ.
У г. п. Обаль у шматпавярховым доме па вул. Першамайская на пятым паверсе частыя праблемы з напорам вады, асабліва ў часы пік. Пытанне адрасавана Обальскаму падраздзяленню УП ЖКГ, якое бу-дзе яго вырашаць разам са спецыялістамі водаканала.
Усе пытанні, якія паступілі на «прамую лінію», узяты на кантроль старшыні раённага Савета дэпутатаў, вызначаны адказныя службы і тэрміны выканання.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №26 ад 06.04.2021 г.