Адным мы звязаныя лёсам
Мерапрыемствы з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі прайшлі 2 красавіка ў Шумілінскім раёне.
У канферэнц-зале Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея сабраліся прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў райцэнтра, актывісты грамадскіх арганізацый, жыхары Шуміліна.
– Беларусы звязаны з рускім народам не толькі на дзяржаўным узроўні. Нашы народы цесна звязвае знаходжанне працяглы час у межах адной дзяржавы: нехта праходзіў у Расіі вайсковую службу, нехта працаваў у суседняй дзяржаве ці працуе там зараз, многія маюць у Расійскай Федэрацыі сваякоў, сяброў, партнёраў па эканамічных сувязях, – заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, адкрываючы мерапрыемства. – Шумілінскі раён звязаны пабрацімскімі сувязямі з Велікалуцкім раёнам Пскоўскай вобласці і Караноўскім раёнам Краснадарскага краю. Гэта доказ таго, што міждзяржаўныя дамоўленасці падмацоўваюцца сувязямі на рэгіянальным і асабістым узроўні.
Госць мерапрыемства, кандыдат гістарычных навук, дацэнт міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» Віктар Акуневіч выступіў з лекцыяй «Аб гістарычных аспектах яднання народаў Беларусі і Расіі», у якой нагадаў пра агульныя карані ўсходніх славян, пра шматвяковы шлях нашых народаў, адзначыўшы агульны гістарычны лёс беларускага і рускага народаў.
Дырэктар Раённага цэнтра культуры Марына Прохарава расказала пра культурныя сувязі Шу-мілінскага раёна з Караноўскім і Велікалуцкім раёнамі Расіі: паездкі дэлегацый Шуміліншчыны ў Вялікія Лукі і Караноўск, прыём дэлегацый з расійскіх рэгіёнаў, абмен канцэртнымі праграмамі, удзел шумілінскіх артыстаў у святкаванні юбілейных дат нашых расійскіх партнёраў і выступленні творчых калектываў з Расіі на святочных мерапрыемствах у Шуміліне – гэтыя сувязі актыўна развіваліся, узбагачаючы творчы патэнцыял устаноў культуры.
Настаўнік Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Кузьміна расказала, як шумілінскі ансамбль барабаншчыц выйшаў на міжнародную арэну, дзякуючы падтрымцы расійскіх партнёраў, з поспехам выступаў на міжнародных фестывалях і конкурсах. Яна расказала, што пандэмія не стала перашкодай для паспяховага выступлення навучэнцаў школы ў шматлікіх творчых конкурсах, якія перайшлі ў завочную форму, у Інтэрнэт. У 2020 годзе і пачатку 2021 юныя шумілінскія музыкі і танцоры заваявалі шмат высокіх дыпломаў і прызоў у расійскіх міжрэгіянальных і міжнародных конкурсах і фестывалях, рыхтуюцца да вочнага ўдзелу ў іх.
Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Юлія Базар паведаміла пра творчыя і навуковыя дасягненні вучняў устаноў адукацыі раёна ў расійскіх конкурсах і канферэнцыях. Дзякуючы Інтэрнэту, яны актыўна ўдзельнічалі ў гэтых мерапрыемствах і не заставаліся без узнагарод, даказваючы, што могуць працаваць на годным узроўні.
Алена Сініцкая, настаўнік Шумілінскай ДШМ, удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу, падзялілася ўражаннямі ад форуму, адзначыла, што беларуска-расійскае супрацоўніцтва застаецца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі, што не аднойчы падкрэсліваў на сходзе Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Пра важнасць умацавання сувязяў паміж брацкімі народамі гаварыла старшыня раённай арганізацыі «Беларусі фонд міру» Людміла Шаўцова.
Выступленні ўдзельнікаў мерапрыемства яскрава паказалі цеснае і рознабаковае супрацоўніцтва нашага раёна з Расіяй, расійскімі рэгіёнамі. Гэта пры тым, што па-за рамкамі мерапрыемства засталіся сувязі Шумілінскай СДЮШАР: да пандэміі вядучыя расійскія валейбольныя школы лічылі за гонар прыехаць на валейбольныя турніры ў наш раён і запрашалі нашых валейбалістаў і барцоў на спаборніцтвы ў РФ.
А наколькі трывалыя стасункі шумілінскіх прадпрыемстваў з расійскім партнёрамі! Обальскую цэглу добра ведаюць у Калінін-градзе і Смаленску, Мурманску і Пскове. Прадукцыя «Вежы», «Славянскага прадукта», «Вітконпрадукта» не затрымліваецца на паліцах расійскіх магазінаў.
Падсумоўваючы вынікі мерапрыемства, Ірына Шалахава выказала ўпэўненасць, што з заканчэннем пандэміі стасункі нашага раёна з расійскімі пабрацімамі адновяцца, будуць актыўна развівацца і мацавацца. А гэта, у сваю чаргу, стане добрым падмуркам для міждзяржаўных адносін.
У рамках святочных мерапрыемстваў адбылося ўскладанне кветак да бюста Паўла Мельнікава членамі Маладзёжнай палаты Шумілінскага раёна. Мерапрыемства, прысвечанае Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, таксама прайшло ў Обальскім ГДК.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №26 ад 06.04.2021 г.