Работники сферы культуры Шумилинского района подвели итоги работы за 2020 год и наметили новые планы

Культура Новости

Наперадзе новыя задачы

На мінулым тыдні прайшла нарада работнікаў сферы культуры, на якой падвялі вынікі работы за мінулы год і вызначылі асноўныя напрамкі дзейнасці на 2021 год.


Як адзначыў у сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Мазанкоў, сфера культуры Шумілінскага раёна ўключае 17 бібліятэк, 16 клубных устаноў, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, 2 музеі, Дом рамёстваў. Ва ўстановах культуры працуюць шматлікія творчыя калектывы, сярод якіх 14 носяць званне «народны» і 6 – «узорны». У мінулым годзе з бюджэту на сферу культуры выдаткавана 3,9 мільёна рублёў, вёўся рамонт гарадскога Дома культуры, бібліятэкі ў гарадскім пасёлку Обаль, у новае памяшканне пераехала Обальская ДШМ.
Работнікамі клубных устаноў культуры праведзены больш за 4 тысячы мерапрыемстваў, у якіх бралі ўдзел 105 тысяч чалавек, у клубах працуе 108 фарміраванняў. 17 бібліятэкамі раёна карыстаюцца 11 тысяч чытачоў, кніжны фонд налічвае 115 тысяч экзэмпляраў. Музеі Шуміліншчыны наведалі больш 10 тысяч чалавек, музейны фонд складае 12 345 адзінак, за год ён павялічыўся на 343 адзінкі. Па выніках работы за 2020 год Шумілінскі музей прызнаны лепшым музеем Віцебскай вобласці. Захаваннем народных традыцый і культурнай спадчыны займаецца раённы Дом рамёстваў, пры якім працуюць 2 клубы, народны тэатр «Батлейка». У 2 школах мастацтваў навучаюцца 448 вучняў, з іх 96 – у 6 сельскіх філіялах.
На 2021 год перад сферай культуры стаяць важныя задачы. Будзе рэалізоўвацца комплекс мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства. Раён будзе прымаць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі». Значна павялічылася фінансаванне – запланаваны 7 мільёнаў рублёў. У рамках падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» неабходна завяршыць капітальны рамонт раённага Цэнтра культуры, у новае памяшканне пераедзе Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей, будзе праведзены бягучы рамонт бібліятэкі, іншых будынкаў. Пры гэтым неабходна ў поўным аб’ёме выконваць звычайную работу па аказанні паслуг насельніцтву, у тым ліку платных, павышаць іх якасць.
На нарадзе выступіла дырэктар музея Святлана Іванова, якая па-дзялілася вопытам работы музейнай установы. Дзякуючы сучасным формам работы музей прыняў больш за 6 тысяч наведвальнікаў на платнай аснове (гэта 60,5% ад агульнай колькасці), пастаянна праводзіць камерцыйныя выставы. Працягваецца работа і па ўвекавечанні памяці воінаў Вялікай Айчыннай вайны.
Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сініцкая расказала пра дзейнасць арганізацыі, якая ў 7 пярвічках аб’ядноўвае 218 чалавек (98,6% працуючых). Таццяна Цэрах паведаміла пра аздараўленне работнікаў сферы, у тым ліку пацярпеўшых ад ковід-19.
Вопытам работы падзяліліся намеснік дырэктара Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Маргарыта Скуратава, метадыст Дома рамёстваў Таццяна Асадчая, педагог Обальскай ДШМ Наталля Іванова.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава падзякавала работнікам культуры за годныя вынікі ў няпростых умовах мінулага года, адзначыла, што культура можа ствараць якасныя паўнацэнныя канцэртныя праграмы, нагадала пра неабходнасць далейшай аптымізацыі ўстаноў культуры, пра недапушчальнасць зніжэння якасці паслуг, парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Разам з тым, Ірына Іванаўна заўважыла, што неабходна больш увагі надаваць папулярызацыі і рэкламе дзейнасці культурных устаноў, прэзентацыі сваіх дасягненняў.
На нарадзе адбылося ўзнагароджанне лепшых работнікаў культуры. Ірына Шалахава ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Святлане Чартковай, Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта – Наталлі Івановай. Граматы галоўнага ўпраўлення культуры аблвыканкама прадстаўнік упраўлення Дзяніс Юрчак уручыў Таццяне Партной з Обальскага ГДК і Аляксандру Любімаву з Дома рамёстваў. Група работнікаў была адзначана граматамі аддзела, якія ўручыў Андрэй Мазанкоў.
Граматай абкама прафсаюза ўзнагароджана Алена Сініцкая.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №25 ад 02.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *