На жаль, праблема сямейнага насілля была і застаецца актуальнай

Общество

«Бітае шчасце»

На жаль, праблема сямейнага насілля была і застаецца актуальнай, а часта ўспрымаецца як абыдзеная, нармальная з’ява. Ахвярамі насілля становяцца дзяці, жанчыны і мужчыны, маладыя і старыя.

People, domestic violence and abuse concept — Woman shows stop abusing sign over man’s background.

«Насілле бывае рознае – псіхалагічнае, эканамічнае, фізічнае і сексуальнае. У сілу розных прычын часцей за ўсё заканадаўчаму разбору падвяргаюцца асобы, якiя ажыццяўляюць фізічнае насілле, – адзначае намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталь Ішчук. – Насілле ў сям’і нярэдка суправаджаецца пабоямі, катаваннямі. Асабліва цяжка абараніць свае правы пацярпелым, калі нанесена нязначная шкода здароўю. Максімальнае пакаранне (заканадаўства прадугледжвае да трох год пазбаўлення волі) за злачынствы, звязаныя з сямейным насіллем, далёка не заўсёды сувымяральнае з фізічнай і эмацыянальнай шкодай, нанесенай жанчыне». У мінулым годзе следчымі Шумілінскага райаддзела было ўзбуджана 6 крымінальных спраў па фактах сямейнага насілля.
«На жаль, заступацца за сваіх насільнікаў – вельмі распаўсюджаная з’ява. Жанчыны часта лічаць, што пагарачыліся, калі падавалі заяву, баяцца перасудаў суседзяў ці шкадуюць мужчын і просяць спыніць справу, вярнуць заяву ці проста дараваць, – расказвае Віталь Васільевіч. – Яны прыводзяць самыя розныя аргументы, спрабуючы спыніць расследаванне крымінальнай справы. Некаторыя нават адмаўляюцца праходзіць судова-медыцынскую экспертызу, спадзяюцца, што гэта дапаможа прыпыніць крымінальную справу». Жанчыны не задумваюцца пра тое, які прыклад бачаць іх дзеці, што ў рэшце рэшт усё можа закончыцца трагедыяй. Самае страшнае тое, што ахвяры сямейнага насілля гадамі церпяць здзекі і пабоі. Пра «выхаванне» кулаком ведаюць знаёмыя, суседзі, ведаюць і маўчаць.
Так, фігурантамі чарговай крымінальнай справы па факце сямейнага насілля сталі шумілінцы, якім крыху больш за 50 год. Жанчына апошнія гады жыла адна. Як сама расказвала падчас следства, хацелася простага «бабінага» шчасця. І вось аднойчы яна пазнаёмілася са «свабодным мужчынам яе ўзросту». Не спыніла яе і тое, што мужчына апошнія гады нідзе не працаваў ды і пастаяннага месца жыхарства не меў. Першы час іх сямейнае жыццё нагадвала ідылію: ён сустракаў яе з работы, дапамагаў па гаспадарцы. Але ўсё змяніла ўмомант, калі мужчына напіўся: абразы, «доказы» кулаком, у выніку схапіўся за нож і пачаў пагражаць забойствам. Прыйшлося выклікаць міліцыю.
– Узбуджана крымінальная справа па факце пагрозы забойствам. Згодна з заканадаўствам сямейнаму дэбашыру пагражае да двух год пазбаўлення волі, – адзначае Віталь Ішчук. – Хочацца падкрэсліць, што сямейнае насілле не павінна быць нормай. Калі вы чуеце, што мужчына, тым больш нецвярозы, збівае сваю жонку – выклікайце міліцыю. Адным званком, магчыма, вы выратуеце нечае жыццё. Не будзьце абыякавымі!
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №22 ад 23.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *