15 марта 16-ти юным жителям Шумилинского района торжественно вручили паспорта

Главное Общество

Пашпарт – юным грамадзянам
15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, 16 юных жыхароў Шуміліншчыны ва ўрачыстай атмасферы атрымалі пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемствы прайшлі ў Обалі і Мішневічах.

Мікалай Будневіч і Алена Пракоф’ева ўручаюць пашпарт вучню Слабадской школы Паўлу Шапрунову.

Добрай традыцыяй стала правядзенне ў Дзень Канстытуцыі рэспубліканскай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!», падчас якой юныя жыхары краіны атрымліваюць свой галоўны дакумент – пашпарт.
У Шумілінскім раёне сёлета акцыя праводзілася ў знакавым месцы – у музеі Обальскага камсамольскага падполля і пачалася для школьнікаў з экскурсіі па музеі.
– Грамадзянін Рэспублікі Беларусь. З якім гонарам і хваляваннем вымаўляем мы гэтыя словы. Радуемся, што жывём у мірнай, незалежнай краіне, дзе маем цудоўную магчымасць спакойна жыць, вучыцца, працаваць і адпачываць. Усіх нас сёння аб’ядноўвае любоў да Радзімы, павага да гісторыі і традыцый беларускага народа, вернасць гераічнаму подзвігу дзядоў і бацькоў, а таксама вялікае жаданне бачыць сваю Айчыну моцнай і квітнеючай, – асабліва ўрачыста гучалі словы вядучых у сценах музея ў Год народнага адзінства, які аб’яўлены ў нашай краіне сёлета.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч павіншаваў прадстаўнікоў маладога пакалення з адметнай датай у іх жыцці. Заклікаў з павагай адносіцца да Асноўнага Закона нашай краіны – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быць дастойнымі грамадзянамі сваёй дзяржавы і з гонарам называць сябе беларусамі. Да віншаванняў далучылася першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева.
11 школьнікаў шумілінскіх СШ №1 і СШ №2, Обальскай, Мікіціхінскай, Слабадской і Башнёўскай школ атрымалі пашпарты. Прыемную місію выканалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і вядучы спецыяліст групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Алена Пракоф’ева. У дадатак маладыя людзі атрымалі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, кнігу «Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і падарункі ад райкама грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Ад імя юнакоў і дзяўчат, якія атрымалі пашпарты, Уладзіслава Долгая, Валерыя Дударава і Станіслаў Барцэвіч запэўнілі, што маладое пакаленне заўсёды будзе памятаць гісторыю сваёй краіны, берагчы яе культуру і прыкладзе ўсе намаганні, каб родная зямля квітнела. Гэтыя словы гучалі як клятва сучаснага пакалення моладзі обальскім героям-падпольшчыкам, якія ахвяравалі свае жыцці дзеля свабоды і працвітання роднай краіны.
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў №20 ад 16.03.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *