Святло веры праз свет мастацтва
На мінулым тыдні ў храме Мікалая Цудатворцы ўпершыню прайшло тэатралізаванае прадстаўленне «Нараджэнне Хрыстова». Гэта была прэм’ера казкі вучняў нядзельнай школы.
Рэжысёрам казкі стала педагог Обальскай дзіцячай школы мастацтваў Аліна Загвоздава. Цікавы сюжэт, меладычныя песні, арыгінальныя касцюмы, падсветка сцэны, святочная ёлка – усё спрыяла сяброўскай атмасферы і спакою. І калі цёмныя сілы казкі вырашылі перашкодзіць Нараджэнню Хрыста, у іх нічога не атрымалася. Анёл знаходзіць куфар, і браня малітвы, шчыт веры, пояс змірэння, шлем міласэрнасці, мантыя любові і меч духоўнасці дапамагаюць дабру перамагчы. Героі казкі праходзяць праз выпрабаванні і спакусы і робяць для сябе выснову: толькі з Богам у душы усім ім добра.
«Сёлетняе тэатралізаванае прадстаўленне было адно з лепшых, – кажа дырэктар нядзельнай школы Вольга Загвоздава. – У пастаноўцы спалучыліся жывыя акцёры і лялькі лялечнага тэатра-батлейкі. Батлейку нам вырабляў па заказе вядомы ў вобласці батлеечнік Андрэй Рэцікаў з Наваполацка. Педагог раённага цэнтра дзяцей і моладзі Аляксандр Пціцкі змайстраваў нам драўляныя лялькі, якія размалявала Аліна Загвоздава. Адзенне для лялек шылі ў нядзельнай школе. Касцюмы для тэатралізаванага прадстаўлення і дэкарацыі таксама майстравалі сваімі рукамі. Увогуле на падрыхтоўку спектакля пайшло паўтара месяца. За гэты час у нас была створана згуртаваная каманда аднадумцаў, якую ўзначалілі выкладчыкі нядзельнай школы Святлана Быкава, Ірына Загвоздава, Алена Логінава. Падчас рэпетыцый раскрыліся таленты нашых дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі сталі больш упэўненымі ў сабе, адказнымі, многія пасябравалі. Мы мяркуем развіваць і ўдасканальваць беларускі лялечны тэатр. Думаем падрыхтаваць яшчэ нямала цікавых прадстаўленняў».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №2 ад 12.01.2021 г.