У Обалі адкрылася пошта-крама
Сёлета многія аб’екты ў гарадскім пасёлку Обаль дзякуючы праграме развіцця малых гарадоў набылі новае аблічча. У тым ліку і паштовае аддзяленне: 22 снежня пасля рамонту адкрылася пошта-крама.
25 год РУП «Белпошта» працуе пад дэвізам «Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць». Работнікі прадпрыемства выкарыстоўваюць у сваёй рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, укараняюць новыя паслугі, улічваючы патрэбы і пажаданні кліентаў, а таксама пастаянна працуюць над павышэннем якасці паслуг.
Сёння ў паштовым аддзяленні можна аформіць падпіску на газеты і часопісы, адправіць ліст або пасылку, заплаціць камунальныя і іншыя плацяжы, замовіць тавары беларускіх вытворцаў, атрымаць пенсію. А яшчэ, прыйшоўшы на пошту, можна набыць неабходныя прадукты харчавання і прамысловыя тавары. У гэтым мы пераканаліся, пабываўшы ў г. п. Обаль 22 снежня падчас адкрыцця пошты-крамы. Менавіта так зараз называецца паштовае аддзяленне.
Як расказала начальнік участка паштовай сувязі Шуміліна Алеся Новікава, такое паштовае аддзяленне першае на тэрыторыі раёна. У будынку з лета праводзіўся рамонт, абноўлена мэбля. Работы праводзіліся ў рамках праграмы развіцця малых гарадоў і за ўласныя сродкі прадпрыемства. А самае галоўнае для наведвальнікаў – значна пашырыўся асартымент тавараў як прамысловай, так і харчовай групы. На сённяшні дзень асартымент налічвае больш чым 500 найменняў.
Аператары пошты-крамы Яніна Сайко і Маргарыта Кочнева адзначаюць, што цяпер тут створаны добрыя ўмовы для якаснага абслугоўвання кліентаў. Паштовае аддзяленне ў Обалі і раней карысталася попытам у мясцовых жыхароў, а зараз, можна быць упэўненым, кліентаў стане яшчэ больш.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.