Человек года Шумилинщины: Елена Нестеренко

Главное Людзі і лёсы Общество

Прафесіянал фінансавай службы

Самымі першымі ў пачатку года – у першую нядзелю студзеня –  сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі фінансавай службы. Няпростая, вельмі сур’ёзная і адказная сфера дзейнасці, якая патрабуе ад супрацоўнікаў грунтоўных ведаў, дакладнасці, скрупулёзнасці, адказнасці. Сённяшні рытм жыцця ставіць перад фінансіс-тамі высокія патрабаванні – бюджэтныя сродкі павінны расходавацца граматна і па сутнасці.

Прыемна адзначыць, што ў фінансавым аддзеле райвыканкама працуюць менавіта такія спецыялісты. Ёсць сёлета сярод іх і лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Шуміліншчыны». Размова пра Алену Віктараўну Несцярэнка, загадчыка сектара фінансавага аддзела райвыканкама.

А. В. Несцярэнка – прафесіянал у фінансавай службе з зайздросным стажам 30 год. Самы вопытны і адказны, самы сціплы і нешматслоўны – чалавек справы. Сёння яна шчыра прызнаецца, што ніколі не марыла звязаць свой прафесійны шлях з эканомікай і фінансамі, хаця з матэматыкай у школе сябравала. Родам з Бешанко-віцкага раёна, яна 19-гадовай дзяўчынай пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума і двух месяцаў работы ў Чашніцкім райвыканкаме была пераразмеркавана ў Шуміліна. Фінансавай службай у раёне на той час кіраваў Анатоль Канстанцінавіч Шышко.

У Шуміліне і засталася. Стварыла сям’ю, набыла жыллё, нарадзіла дзвюх дачок, старэйшую, Вольгу, між іншым, восенню ўжо аддала замуж. Адным словам, адбылася ў самых важных і галоўных жыццёвых ролях. І сцвярджае, што шчаслівая.

«Мне вельмі пашанцавала сустрэць у пачатку працоўнай дзейнасці вялікіх прафесіяналаў-настаўнікаў: Лілію Міхайлаўну Стэцэнка, Вольгу Іванаўну Галуза, Алену Аляксандраўну Марцінайціс, – кажа Алена Віктараўна. – Яны, магчыма, і паўплывалі на мой далейшы прафесійны лёс, пераканалі мяне ў правільнасці выбару». Праз два гады малады фінансавы работнік паступіла завочна ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на факультэт «фінансы і крэдыт», бо адчувала неабходнасць у павышэнні кваліфікацыі.

Сёння А. Несцярэнка з жахам успамінае, як увесь бюджэт лічылі ўручную, на лічыльніках ці калькулятарах. Першыя дзесяць год яна займалася даходнай часткай бюджэту, апошнія дваццаць адказвае за расходы. І кажа, што гэта больш адказны і складаны ўчастак работы. Зараз яна курыруе ўсю адукацыю, спорт, тры сельскія Саветы, адказвае за справаздачнасць і адміністраванне. З усім спраўляецца – веды, вопыт і старанне дапамагаюць, а яшчэ згуртаваны калектыў аднадумцаў на чале з Аленай Савельеўнай Сідарэнка, якія і падтрымаюць, і заменяць, і плячо падставяць.

Сёлета ў сувязі з тым, што ў 2021 годзе Шуміліна стане сталіцай абласных «Дажынак», нагрузка ў фінансавых работнікаў значна павялічылася. Яны гэта адчулі, бо ўжо зараз фінансавыя патокі выраслі. А кожная капейка і рубель, як вядома, патрабуюць ліку.

«Алена Віктараўна Несцярэнка – граматны, пунктуальны, сумленны спецыяліст, прафесіянал сваёй справы, – кажа пра свайго падначаленага начальнік аддзела Алена Сідарэнка. – Яна сапраўды дастойная ганаровага звання «Чалавек года Шуміліншчыны». Гэта чалавек з высокай рэпутацыяй. Наогул у нас падабраўся моцны калектыў, якому па сілах вырашаць пастаўленыя задачы. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць ветэранаў фінансавай службы, а таксама сённяшніх работнікаў-калег з прафесійным святам, а таксама з надыходзячым Новым годам і Калядамі! Прыміце, шаноўныя, пажаданні моцнага здароўя, шчасця і ўдачы. Хочацца таксама падзякаваць прадпрыемствам дзяржаўнага і недзяржаўнага сектара эканомікі, якія дапамагаюць фарміраваць даходную частку бюджэту. Няхай новы год стане для ўсіх годам фінансавага дабрабыту, прафесійнага росту, ажыццяўлення новых творчых задум  і ідэй, будзе напоўнены важнымі падзеямі і здзяйсненнямі. Няхай ва ўсіх дамах жывуць мір, спакой і каханне!».

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *