А ў гімназіі Дзед Мароз з Мінскага трактарнага завода
Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат 22 снежня сустракала шаноўных гасцей з Мінска – дэлегацыю Мінскага трактарнага завода на чале з генеральным дырэктарам Віталем Воўкам з навагоднімі падарункамі
Прыезд шаноўных гасцей вельмі чакалі, да яго рыхтаваліся. Сустракалі святочна і ўрачыста, па-навагодняму – Каляды ж на носе. Пяклі каравай і смачныя пірожныя, развучвалі калядныя і навагоднія песні, сваімі рукамі рабілі падарункі. Правялі ў снежні тыдзень «Разам з МТЗ» з конкурсамі малюнкаў, слоганаў і відэаролікаў на лепшае відэавіншаванне калектыву завода з Новым годам.
І трэба сказаць, гімназістам удалося прыемна здзівіць, уразіць і парадаваць сталічнага «Дзеда Мароза» – сваімі высокімі вынікамі паступленняў у ВНУ, поспехамі ў вучобе і навуковай дзейнасці, наогул сваімі гімназічнымі традыцыямі.
Педагогі і вучні прадэманстравалі, як беражліва ставяцца да ўсіх падарункаў з МТЗ, якія яны атрымалі за 5 год сяброўства. Як па-гаспадарску сочаць за трактарам – першым падарункам завода ў 2016 годзе, як выкарыстоў-ваюць планшэты і мульціборд. І наогул, як ганарацца знаёмствам і цэняць сяброўства. І вельмі спа-дзяюцца на далейшую дружбу і супрацоўніцтва.
Госці з Мінска прыехалі ў Лескавічы з шыкоўнымі, шчодрымі і карыснымі падарункамі. Найперш, кабінет працоўнага навучання атрымаў наборы інструментаў для арганізацыі працоўнага працэсу агульным коштам больш чым на 4 тысячы рублёў. Тут, скажу я вам, мара любога мужчыны-гаспадара – электраінструменты: лобзікі, шрубавёрты, пілы, рубанкі, фрэзер. А ў дадатак на кожны стол – адвёрткі, стамескі, свёрлы, малаткі, штангенцыркулі і шмат чаго яшчэ. «Хлопцы ад сталоў не адыходзяць, – задаволена кажа настаўнік працоўнага навучання Ігар Аляксееў. – Цяпер у іх будзе цудоўная магчымасць навучыцца працаваць з якасным і надзейным інструментам. У жыцці кожнаму спатрэбіцца».
Акрамя гэтага, генеральны дырэктар МТЗ Віталь Міхайлавіч Воўк уручыў гімназіі сертыфікат на набыццё навяснога абсталявання для трактара – шчоткі і сертыфікат на 7 тысяч рублёў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. «Мы вельмі марым пра касілку і бульбакапалку, – прызналася дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна. – Штосьці з гэтага і прыдбаем».
Кожны гімназіст (а сёння тут вучыцца 119 хлопчыкаў і дзяўчынак) атрымаў салодкія падарункі і сувеніры з лагатыпам МТЗ. У дадатак, Мінскі трактарны завод выступіў спонсарам прызоў для пераможцаў конкурсаў, арганізаваных падчас тыдня «Разам з МТЗ». Лепшыя дзіцячыя малюнкі, відэаролікі і слоганы мінскія госці забралі з сабой, каб і калегі адчулі часцінку дзіцячай непасрэднасці і цеплыні.
Выступаючы перад гасцямі, першы намеснік старшыні райвыканкама Руслан Яскевіч шчыра падзякаваў за ўвагу да Шумілінскага раёна, за падтрымку гімназіі, за нядаўні падарунак сельскай гаспадарцы Шуміліншчыны – 9 трактароў МТЗ. Кіраўніцтва МТЗ усваю чаргу запэўніла, што сяброўства прадоўжыцца, мінчане плануюць і надалей падтрымліваць Шумілінскую гімназію. Ім імпануе той запал, энергія і аптымізм, з якімі педагогі падыходзяць да працэсу навучання і выхавання маладога пакалення. Яны выказалі гатоўнасць даваць выпускнікам гімназіі мэтавыя накіраванні для паступлення на інжынерныя спецыяльнасці ў ВНУ краіны. «Нам вельмі патрэбны маладыя спецыялісты, разумныя, крэатыўныя, тэхнічна адукаваныя, з сучаснымі поглядамі і ідэямі», – падкрэсліў Віталь Міхайлавіч Воўк.
У маі будучага года Мінскі трактарны завод адзначыць 75 год з дня заснавання, і ўжо сёння шумілінская гімназія атрымала запрашэнне на ўдзел ва ўрачыстасцях. Так што да новых сустрэч у 2021 годзе!
Алена Карпушэнка.