Гісторыя пра выратаванага лебедзя і нераўнадушных людзей

Новости Общество Экология

Гісторыя пра выратаванага лебедзя і нераўнадушных людзей

Шумілінцы ў гэтыя снежаньскія дні з болем у сэрцы назіралі за тым, як лебядзіная сям’я, якая аблюбавала Шумілінскае возера, да апошняга не ўлятала ў вырай.

Вось ужо і маразы пачалі ціснуць, і лёд на возеры пачаў расці, а яны ніяк не рэагавалі. Відаць па ўсім, галоўнай прычынай было тое, што ў аднаго з маладых лебедзяў сабака параніў крыло.
На мінулым тыдні птушкі ўрэшце ўляцелі. Як вы здагадаліся, не ўсе. «Паранены лебедзь не змог уляцець разам са сваёй сям’ёй (чатырма лебедзямі) і застаўся на лёдзе, – расказаў старшыня раённага таварыства ратавання на водах Аляксандр Шарафутдзінаў. – У чацвер, 10 снежня, супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях, намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Красоўскі, рызыкуючы ўласным жыццём, вынес з возера маладога лебедзя і тым самым выратаваў яму жыццё. Цяпер задача – знайсці надзейны прытулак птушцы. Часова лебедзя прытуліў Аляксандр Емяльянаў, наш работнік таварыства. Аляксандр усё лета сачыў за лебедзямі, і асабліва за параненай маладой птушкай, і нёс, можна сказаць, асабістую адказнасць за яе лёс».
З просьбай дапамагчы вырашыць праблему Аляксандр Шарафутдзінаў і прыйшоў да нас у рэдакцыю. Мы звязаліся з дырэктарам Віцебскага заапарка Ірынай Міхайлаўнай Арловай і дамовіліся, што пасля афармлення патрэбных дакументаў яны прымуць птушку ў свае сцены.
У суботу, 12 снежня, нашага маладога лебедзя Аляксандр Шарафутдзінаў і Аляксандр Емяльянаў даставілі ў Віцебскі заапарк. Так што аперацыя «Выратаваць лебедзя» прайшла паспяхова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Відэа і фота глядзіце ў афіцыйнай групе ВК.
(vk.com/gpshumilino)
Апублікавана ў №98 ад 15.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *