Проблема бродячих собак и кошек в Шумилино. Кто виноват? Что делать?

Безопасность Общество

Праблема бадзяжных катоў і сабак актуальна нашай рэчаіснасці. І гэтую праблему стварылі самі гаспадары: нагуляліся дома з сабачкай ці кошачкай – ды і выкінулі на вуліцу. У многіх краінах свету за гэта прадугледжана сур’ёзная адказнасць, у тым ліку і фінансавая. Трактуецца гэта правапарушэнне як жорсткае абыходжанне з жывёлай.
У Беларусі ў 2001 годзе зацверджана Пастанова Савета Міністраў “Правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову бадзяжных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь”. Але пастанова не зняла праблему. Бо цяжка даказаць, што менавіта гэты гаспадар выкінуў жывёлу на вуліцу, а значыць і прыцягнуць яго да адказнасці не так проста.

Пра мараль, жорсткасць і вальер
Згодна з Правіламі кожны грамадзянін павінен рэгістраваць катоў і сабак у адпаведных службах, а таксама “гаспадары павінны строга выконваць санітарна-гігіенічныя правілы і нормы іх утрымання, забяспечваць бяспеку людзей”. Толькі вось рэгіструюць сабак і катоў адзінкі. Як паведамілі ў камунгасе, у кватэрах раёна зарэгістравана крыху больш за 150 сабак і 60 катоў. А на справе?
Самі людзі не разумеюць сваёй адказнасці за прыручаную імі жывёлу. Вось і растуць у гарадах і пасёлках зграі бадзяжных жывёл, галоўнае для якіх – выжыць, прычым  любымі спосабамі.
Безумоўна, з бадзяжнай жывёлай трэба змагацца. У Правілах прадугледжваецца, як гэта трэба рабіць: сабак і катоў неабходна адлоўліваць (прычым  адловам займаецца спецыяльна абучаныя людзі) і змяшчаць у вальер. Калі на працягу пяці сутак за імі не прыйшлі, рэкамендавана жывёлу ўсыпляць. Такую структуру работы можна назваць гуманнай, розныя дабрачынныя арганізацыі, як паказвае практыка, падтрымліваюць яе, спрабуюць не дапусціць забойства сабак і катоў, знайсці ім новых гаспадароў.
“У нас па такому прынцыпу работа пабудавана толькі ў абласным цэнтры, — расказвае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Сялязнёў, — запрашалі сюды брыгаду па адлову, але яны адмовіліся, вельмі шмат работы ў Віцебску.”
У райцэнтры (як і ў астатніх раёнах вобласці) бадзяжную жывёлу адстрэльваюць пры дапамозе спецыяльных шпрыцоў з атрутай. Раней камунгас папярэджваў, калі будуць праходзіць падобныя акцыі. Але цяпер адмовіліся ад папярэджання. “Як толькі людзі даведваліся пра адстрэл, на вуліцах рэзка меншала бадзяжных жывёл, — дзеліцца Васіль Сцяпанавіч, — некаторыя “дабрадзеі” бяруць да сябе ў кватэры бадзяжную жывёлу, але толькі на адзін дзень – на дзень адстрэлу”.
Дастаткова апанентаў гэтай “аперацыі”: маўляў, жывёла, пакуль памірае, пакутуе: адстрэльваюць сабак і катоў у светлы час сутак, бывае, што і на вачах у дзяцей. Зразумела, маральны аспект грае вялікую ролю. Але пакуль цяжка знайсці залатую сярэдзіну: жорсткасць пры адстрэльванні ці сустрэча на вуліцы са зграяй бадзяжных сабак, гатовых накінуцца на тое ж дзіця…
Безумоўна, нармальным рашэннем пытання магло б (і павінна) стаць стварэнне спецыяльна абучанай брыгады па адлову жывёлы, набыццё спецыяльнай тэхнікі і абсталявання, адкрыццё вальера.
Дзесьці мінулым летам у камунгасе пачалі рыхтаваць вальер і месца пад прытулак для жывёлы знайшлі. Але праца з-за недахопу грошай была спынена…
А што датычыць першапачатковай прычыны – неабдуманых паводзінаў некаторых “аматараў сабак і кошачак”, то тут ёсць надзея, што сітуацыю паправіць новы Закон “Аб утрыманні жывёлы”, які ўжо прайшоў першае чытанне ў парламенце краіны.
Алесь САКАЛОЎ.
У свой час у Кітаі знішчылі вераб’ёў
Напярэдадні навагодніх святаў у рэдакцыю завіталі пенсіянеркі вуліцы Кароткіна з райцэнтра. Жанчыны не хавалі слёз. “Як гэта магчыма, сярод белага дня прадстаўнік УП ЖКГ расстрэльваў ля дамоў катоў, – з болем расказвалі пенсіянеркі. – А летам, пасля такой “зачысткі”, на вочы трапляліся пакутнікі, якія не памерлі і напалову паралізаваныя поўзалі са шпрыцамі ў спіне…”.
У камунгас мы канешне патэлефанавалі. Там абяцалі разабрацца…
Увесь цывілізаваны свет абараняе жывых істот: будуюцца прыёмнікі, бяздомнікаў перадаюць у добрыя рукі. Рэдкі выпадак, каб нехта выкінуў на вуліцу гадаванца.
А ў нас, трэба прызнаць, многа абыякавых, бяздушных гаспадароў, якія захочуць завядуць ката ці сабаку, а захочуць выкінуць.
Але ці з таго пачынаецца барацьба?
І яшчэ пра адзін аспект.  Усім вядома, калі ў Кітаі знішчылі вераб’ёў, стала процьма шкоднікаў на культурных раслінах. І гэта не дзіва, бо ў прыродзе свабодная ніша імгненна
запаўняецца больш жывучымі істотамі.  І пры нашай рэчаіснасці, калі не будзе ў падвалах і ля звалак катоў і сабак, месца зоймуць пацукі і мышы, якія размнажаюцца ў сто разоў хутчэй і нараджаюць у разы большую колькасць асобін, чым апальныя Муркі і Жучкі.
Ёсць і яшчэ вельмі важнае пытанне: каго мы вырасцім з дзяцей, якія назіраюць за дзікай расправай над жывымі істотамі?
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.1012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *