Універсітэт пачынаецца ў агракласе

Главное Образование Экономика

Універсітэт пачынаецца ў агракласе

Я вучылася ў вясковай школе і добра памятаю, як настаўнікі нас палохалі, маўляў, не будзеце старацца, дык пойдзеце даяркамі на ферму ці пастухамі ў поле. Прадракаючы такі зыход двоечнікам, яны, між іншым, не асабліва задумваючыся над наступствамі, дэвальвавалі цэлую галіну эканомікі. Ды яшчэ якую!

План ёсць
Нешта падказвае, што і сёння такія страшылкі маюць месца ў “выхаваўчым” працэсе. Але ж, прабачце, дасягненні ў сельскай гаспадарцы не менш важныя, чым у той жа ІТ-сферы, калі дазволіць сабе рабіць такія параўнанні. І ў адным, і ў другім выпадках для поспеху патрэбны высокакласныя спецыялісты. Пытаннем, дзе такіх работнікаў узяць, заклапочаны сёння на самым высокім узроўні. Па ўсім відаць, план ёсць.
У 2018 годзе ў школах краіны адкрыліся агракласы. Мэта іх даволі празрыстая – папулярызаваць сярод моладзі сельскагаспадарчыя прафесіі, забяспечыць бесперапынную аграрную адукацыю. Важнасць гэтага не раз агучваў перад педагагічным актывам рэгіёна старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

Зламаць стэрэатыпы
Два гады таму ў 19 раёнах Віцебскай вобласці пачалі працаваць профільныя класы аграрнай накіраванасці. У тым ліку ў Шумілінскім раёне – у Кардонскай, Мікіціхінскай сярэдніх школах і гімназіі. У мінулым навучальным годзе быў здзейснены першы выпуск агракласаў. Сёння, як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Сыцько, профільныя класы гэтай накіраванасці працуюць у Кардонскай і Мікіціхінскай школах.
Спецыяліст абласнога інстытута развіцця адукацыі Валянціна Пікулік, з якой мы звязаліся, упэўнена, што самае галоўнае ў гэтай рабоце – зламаць стэрэатыпы пра тое, што сельская гаспадарка – гэта скрозь брудная, цяжкая ручная праца. Прычым, не толькі ў свядомасці дзяцей, але і іх бацькоў, якія выраслі з такімі перакананнямі і гатовы “аддаць” сваё дзіця куды заўгодна, але не ў сельскагаспадарчую прафесію. А пачынаць гэту работу трэба, бадай, яшчэ з дзіцячага сада. Відавочна ж, што сельскай гаспадарцы патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, гатовыя працаваць на сучасным абсталяванні, развіваць галіну, весці яе наперад. А без прытоку маладой сілы гэта немагчыма.

Беспрэцэдэнтныя ўмовы
Як бы ні змяніўся свет, есці мы не перастанем. У гэтым сэнсе менавіта сельская гаспадарка адкрывае перспектывы, у тым ліку і для бізнесу. Прычым, незанятых нішаў пакуль вельмі шмат. Галоўнае – не ўпусціць час і, адпаведна, шанц. Можна, да прыкладу, пайсці вучыцца ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію на факультэт біятэхналогіі і аквакультуры, а пасля вучобы стаць фермерам і заняцца прамысловым рыбаводствам. Варыянтаў, на самой справе, шмат. Зусім не абавязкова звязваць жыццё з дзяржаўным прадпрыемствам.
Тут варта нагадаць, што ўмовы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы аграрнай накіраванасці інакш, як беспрэцэдэнтнымі, назваць нельга. Стаць студэнтам можна без цэнтралізаванага тэсціравання – па выніках гутаркі. Пры гэтым па профільных прадметах (хімія і біялогія ці фізіка і матэматыка) павінны быць адзнакі не ніжэй за 7. Таксама трэба мець мэтавае накіраванне з прадпрыемства, куды малады спецыяліст мусіць адправіцца пасля заканчэння ВНУ. Ні табе нервавання з ЦТ, ні з будучым працаўладкаваннем.
Так, пакуль аўтарытэту аграрным прафесіям не стае, і з гэтым складана спрачацца. Многія школьнікі выбіраюць аграклас “на ўсялякі выпадак”. Тым больш, што профільныя прадметы, якія выкладаюцца там на павышаным узроўні, будуць дарэчы і пры намеры вывучыцца, скажам, на ўрача ці настаўніка. Вось і сярод выпускнікоў агракласа раённай гімназіі ніхто не пайшоў у сельскагаспадарчую ВНУ.

Практычны падыход
– Але ж мы толькі ў пачатку шляху, і самая галоўная задача на сёння – інфармаваць дзяцей і бацькоў пра тое, якія ўмовы створаны для вучобы ў той жа Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і іншых ВНУ, – гаворыць Валянціна Пікулік. – Важна каб дзеці часцей бывалі на вытворчасці, бачылі, што сельская гаспадарка, як любая іншая галіна эканомікі, карыстаецца дасягненнямі тэхнічнага прагрэсу.
Экскурсіі на вытворчасць, удзел саміх вучняў у працэсе прадугледжаны праграмай факультатыўнага курса “Увядзенне ў аграрную спецыяльнасць”. Яна разлічана на 140 гадзін. Дзеці знаёмяцца з тым, якія сельскагаспадарчыя расліны і жывёлы існуюць, вывучаюць сучасныя накірункі і метады ў селекцыі і біятэхналогіі, больш даведваюцца пра функцыянаванне аграгарадкоў, сельскі побыт, выдатных вяскоўцаў і шмат іншага, што спатрэбіцца будучаму спецыялісту сельскагаспадарчай вытворчасці. Вынікам вывучэння курса, разлічанага на 10-11-я класы, з’яўляецца падрыхтоўка выпускной работы. Варта заўважыць, што распрацоўкай дадзенай праграмы займаліся выкладчыкі вядучых ВНУ сельскагаспадарчай накіраванасці. Важна, каб ужо ў школе дзеці “прымералі” прафесію агранома, агародніка, механізатара, заатэхніка, кветкавода, пчаляра і многіх іншых.
Як расказала дырэктар Кардонскай СШ Людміла Васільева, вучні агракласаў бываюць на экскурсіях і прафарыентацыйных занятках у Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і іншых навучальных установах, сустракаюцца з прадстаўнікамі сельскагаспадарчых прафесій. Таксама непасрэдна знаёмяцца з вытворчым працэсам на СФГ “Раднік” і УСГП “Ульскі”. Запланаваны паездкі на агракомплекс “Мазалавагаз», каб школьнікі маглі на свае вочы ўбачыць, што і ў сельскай гаспадарцы створаны ўмовы для камфортнай, прадукцыйнай працы з годным заробкам і добрымі перспектывамі.
Трое выпускнікоў Кардонскай школы мінулага навучальнага года пайшлі вучыцца ў сельскагаспадарчыя ВНУ. Вадзім Селіханаў выбраў Горацкую акадэмію, Наталля Дземідовіч і Дар’я Сініцкая – Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Дзеці вернуцца працаваць на радзіму ўжо кваліфікаванымі спецыялістамі.
– Мы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з ветакадэміяй. Арганізуем туды паездкі для вучняў агракласаў, і самі выкладчыкі ВНУ два разы на год прыязджаюць у нашу школу, – расказала Людміла Васільева.
У ветакадэмію пайшоў і выпускнік мінулага года Мікіціхінскай СШ Ілья Паўлоўскі. Зараз у гэтай школе аграрную навуку спасцігаюць пяцёра 10-класнікаў і столькі ж выпускнікоў.

Працэс пайшоў
Вядома, гаварыць пра эфектыўнасць аграрных класаў пакуль рана, аднак тое, што гэта работа распачата і пэўныя вынікі ўжо ёсць, дазваляе спадзявацца на добры яе зыход. Паспрыяе гэтаму і створаная “Праграма развіцця профільных класаў аграрнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №86 ад 02.10.2020 г.

Вучні агракласа ў Кардонскай СШ на практычных занятках у школьным садзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *