Сагрэцца ці згарэць?
Пажары з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электраабсталявання, асабліва ў асенне-зімовы перыяд, практычна штодзень трапляюць у зводкі МНС. Каб пазбегнуць трагічных наступстваў, пры іх эксплуатацыі неабходна прытрымлівацца пэўных правілаў.
Дамашні электрычны «генератар цяпла» павінен быць толькі сертыфікаваны, а рамонтам вырабу павінны займацца выключна спецыялісты.
Перад тым як карыстацца прыборам, уважліва прачытайце інструкцыю. Абавязкова звярніце ўвагу на час эксплуатацыі прыбору і патрабаванні да дапушчальнага току. Памятайце, што калі ў адну разетку падключыць адразу камп’ютар, абагравальнік, пыласос, нагрузка можа аказацца непасільнай для сеткі. Асабліва гэта тычыцца старых дамоў са старой электраправодкай. Калі пры ўключэнні таго ці іншага электрапрыбора асвятленне становіцца крыху цямнейшым, гэта верная прыкмета таго, што сетка перагружана. А гэта – прадвеснік пажару.
Памятайце, што абагравальнікі – перш за ўсё электрычныя прыборы. Таму не пакідайце іх уключанымі без нагляду. Ні ў якім разе не пакідайце абагравальнік уключаным на ноч. Не сушыце на ім рэчы. Як і любы іншы электрапрыбор, неабходна ўстанавіць яго на бяспечнай адлегласці ад занавесак і мэблі. Не выкарыстоўвайце абагравальнікі ў памяшканні, дзе нядаўна працавалі ці знаходзяцца лакафарбавыя матэрыялы, растваральнікі, іншыя лёгказагаральныя вадкасці. Не дазваляйце дзецям гуляць з такімі ўстройствамі.
Памятайце:
– чым менш электрапрыбораў працуе адначасова, тым бяспечней. Не перагружайце электрасетку;
– размяшчайце электранагравальныя прыборы, у тым ліку прас, электраплітку, на негаручай паверхні;
– карыстайцеся сеткавымі фільтрамі, якія выключаюць узгаранне з-за скачкоў і перападаў напружання ў сетцы;
– не выкарыстоўвайце лямпы накальвання без плафонаў;
– не карыстайцеся электрапліткамі і абагравальнікамі старых канструкцый (з адкрытай спіраллю).
Вадзім ПІВАВАРАЎ,
інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Апублікавана ў №84 ад 27.10.2020 г.