Многодетная семья Багрецовых действительно заслуживает уважения

Главное Новости Семья

Кожнае дзіця – падарунак лёсу

14 кастрычніка Вользе Баграцовай з аграгарадка Мікіціха была ўручана прэмія імя Героя Сацыялістычнай Працы С. Т. Пальвінскай

Складаемыя шчасця розныя ў людзей. Адны аддаюць перавагу рабоце, другія – кар’еры, іншыя бачаць шчасце ў дабрабыце ці вялікіх заробках. А вось для сям’і Вольгі і Дзмітрыя Баграцовых з Мікіціхі шчасце – гэта іх сям’я.
Нарадзілася сям’я 12 гадоў таму. Мішневіцкая дзяўчына Вольга ўладкавалася працаваць у сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» ветурачом, а Дзмітрый прыехаў сюды інжынерам-механікам. Тут неўзабаве нарадзілася сям’я. Практычна адразу сельгасарганізацыя выдзеліла ёй дом прысядзібнага тыпу, дзе жывуць і зараз. Праўда, сям’я за гэты час значна падрасла – Баграцовы выхоўваюць чатырох дзяцей.
– Я ведала, што ў мяне будзе двое ці трое дзяцей, – кажа Вольга. – А чацвёра – гэта яшчэ лепш. Два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі – здорава. Усе яны жаданыя і любімыя.
У доме Баграцовых жыве атмасфера дабрыні і гармоніі. А Вользе, здаецца, выхоўваць дзяцей наканавана лёсам: мае столькі дабрыні, спагадлівасці і пяшчоты, што хапае на ўсіх. Пра дачок і сыноў, іх захапленні і дасягненні можа гаварыць бясконца. Старэйшы, сямікласнік Максім, вучыцца ў раённай гімназіі (хлопец быў на вучобе, таму не трапіў на фота). Ён спакойны, разважлівы, уседлівы і сур’ёзны. Захапляецца інфарматыкай і футболам, прымае ўдзел у раённых алімпіядах. Андрэй, які вучыцца ў чацвёртым класе Мікіціхінскай школы, хуткі і шустры. Тым не менш, схоплівае ўсё на хаду, асабліва хлопцу падабаецца матэматыка. Даша сёлета пайшла ў першы клас, вельмі любіць маляваць. Ну, а трохгадовая Маша – самая вясёлая і гучная ў сям’і, любіць гуляць у лялькі.
Чалавек рознабаковых інтарэсаў, Вольга стараецца гэтак жа выхоўваць і сваіх дзяцей. Яна лічыць, што ўсе яны павінны быць занятыя і буднія дні, і ў выхадныя. Трое старэйшых дзяцей два разы на тыдзень наведваюць заняткі па інтарэсах па вавінам в’ет во дао, вучацца ў музычнай школе: Максім іграе на гітары, Андрэй і Дар’я – на сінтэзатарах. Ну, а ў выхадныя бацькі возяць дзяцей у нядзельную праваслаўную школу ў Обаль. Акрамя гэтага, сям’я любіць падарожнічаць. Садзяцца на машыну і едуць у Бярэзінскі запаведнік, у музеі Полацка ці Віцебска, у заапарк ці цырк у Мінску. Такія падарожжы, на думку бацькоў, пашыраюць кругагляд дзяцей.
Кожнае дзіця, лічыць Вольга, – падарунак лёсу. Па двое на тату і маму – гэта нармальна. Спачатку маладой сям’і было цяжка, але дзіцячыя хваробы і бытавую неўладкаванасць пераадолелі разам, ад гэтага сям’я стала яшчэ мацнейшай.
– Чаго вы больш за ўсё хочаце? – пытаюся ў Вольгі Баграцовай.
– Я маці, і ўсе мае мары так ці інакш звязаны з дзецьмі. – Сыны і дочкі – сэнс майго жыцця. І мы з мужам усё зробім для таго, каб яны выраслі прыстойнымі людзьмі, каб паважалі іншых, з любоўю ставіліся да бліжняга, былі дружнымі і клапатлівымі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў 382 ад 20.10.2020 г.

Дзмітрый і Вольга Баграцовы з сынам Андрэем, дачкамі Дашай і Машай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *