Лучших среди лучших мам чествовали в Витебске и Шумилино

Главное Новости Семья

Галоўная ў свеце прафесія

Колькі ўсяго сказана пра трапяткую матчыну любоў у літаратуры, кіно, жывапісе. Але, несумненна, у кожнага з нас для сваёй мамы заўсёды знойдуцца асаблівыя словы, у якіх – любоў і бязмежная ўдзячнасць. Дзень маці – яшчэ адна нагода зрабіць усё магчымае, каб самы блізкі ваш чалавек усміхнуўся, адчуў сваю значнасць.
Усмешак, кветак і віншаванняў было ўдосталь на ўрачыстым прыёме жанчын Віцебшчыны, які адбыўся 14 кастрычніка ў аблвыканкаме.

Высокімі ўзнагародамі былі адзначаны нашы зямлячкі, якія, выхоўваючы дзяцей, дабіваюцца працоўных і творчых поспехаў.
Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін адзначыў, што вялікія дружныя сем’і, дзе растуць здаровыя дзеці, – залог моцы дзяржавы.
– Падтрымліваючы мацярынства, мы разлічваем на павышэнне ролі і адказнасці бацькоў у выхаванні дзяцей, захаванне згоды і паразумення ў сямейных адносінах, – звярнуў увагу Уладзімір Пятровіч.
Дзяржава падтрымлівае шматдзетныя сем’і як галоўны дэмаграфічны рэсурс і залог далейшага паспяховага развіцця і росквіту краіны. Сем’ям з дзецьмі прызначаецца 11 відаў дапамог. З гэтага года шматдзетныя сем’і атрымалі магчымасць датэрмінова выкарыстаць сродкі сямейнага капіталу на будаўніцтва ці набыццё жылля, адукацыю, медыцынскія паслугі. Гэтым бонусам ужо скарысталіся больш за дзве тысячы сем’яў, у тым ліку 1351 – на жыллё. У будучай пяцігодцы работа па падтрымцы гэтай катэгорыі грама-дзян працягнецца. Ужо ёсць праект дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека».
На імпрэзе ўшаноўвалі жанчын, якія адпаведным Указам Прэзідэнта ўзнагароджаны ордэнам Маці. Сярод іх наша зямлячка – Таццяна Шаціла. Таццяна разам з мужам Аляксандрам выхоўвае пяцярых дзяцей. Старэйшаму Аляксею ўжо 16, ён вучыцца ў каледжы, з малодшай, паўтарагадовай Дар’яй, мама пакуль знаходзіцца дома. Калі дзяўчынка падрасце, жанчына вернецца на работу ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Жыве сям’я ў прасторным утульным доме, які пабудавалі самі. Мама клапоціцца пра тое, каб усе яе дзеці атрымлівалі досыць увагі. Яна вельмі ўдзячная дзяржаве за падтрымку, дзякуючы якой, апроч усяго іншага, атрымалася пабудаваць яшчэ і кватэру. Сям’я вядзе здаровы лад жыцця, аддае перавагу актыўнаму адпачынку. У вольны час Таццяна вышывае, вырошчвае кветкі, любіць гатаваць для сваіх блізкіх.
– Калі мы з мужам ажаніліся, пра такую вялікую сям’ю не дамаўляліся. Больш за тое, я б ніколі не паверыла, што калі-небудзь у мяне будзе ажно пяцёра дзетак, – прызналася Таццяна Шаціла.
А ў выніку атрымалася вялікая, дружная шчаслівая сям’я.

* * *
Таксама на мерапрыемстве віталі жанчын, якія сталі лаўрэатамі прэміі аблвыканкама імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі.
Сярод 25 лаўрэатаў – шматдзетная маці з вёскі Мікалаева Вольга Белавусава. Пра жанчыну, што разам з мужам выхоўвае 6 дзяцей, мы пісалі ў мінулым нумары раёнкі. Вольга прызналася, што гэта падзея вельмі хвалюючая і важная для яе.
Сёння ў вобласці больш за 80 жанчын маюць высокую ўзнагароду – ордэн Маці і 522 сталі лаўрэатамі прэміі імя Тусналобавай-Марчанкі.
Да добрых віншаванняў у адрас маці далучылася старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Галіна Жаланава. Лаўрэаты атрымалі грашовыя прэміі, падарункі ад аблвыканкама, БСЖ, Фонду міру, Беларускага дзіцячага фонду.
У рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, наша займае 25-е месца сярод 179 і першае месца сярод краін СНД. Штогод у вобласці каля 9 тысяч жанчын становяцца мамамі, з іх у сярэднім у ста нараджаюцца двайняты. Хай жа ўсе будуць шчаслівыя!
18 жанчын нашага раёна за апошнія гады ўзнагароджаны абласной прэміяй імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі, 8 – ордэнам Маці.

* * *
14 кастрычніка ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня маці прайшло ў Шуміліне.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава павіншавала ўсіх маці нашага раёна са святам, пажадала здароўя і дабрабыту. «За 9 месяцаў гэтага года ў раёне нарадзіліся 89 немаўлят, – адзначыла Ірына Мікалаеўна. – Дзяржаўную падтрымку штогод адчуваюць 233 мнагадзетныя сям’і, што пражываюць у нашым раёне і якія выхоўваюць 796 дзяцей. Сёння мы гаворым усім матулям дзякуй за цеплыню і любоў, клопат і пяшчоту, а галоўнае – за падоранае жыццё».
Ірына Мікалаеўна ўручыла раённую прэмію імя Героя Сацыялістычнай Працы С. Т. Пальвінскай мнагадзетнай маці з Мікіціхі Вользе Баграцовай.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка, якая ўзначальвае раённую арганізацыю «Беларускі саюз жанчын», адзначыла, што многія жанчыны нашага раёна працавітыя і старанныя, яны паспяхова сумяшчаюць работу і мацярынства. І колькасць мнагадзетных сем’яў з кожным годам павялічваецца.
Сувеніры ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі саюз жанчын» і «Белая Русь» былі ўручаны Вользе Ерамёнак, таваразнаўцы Обальскага керамічнага завода, якая выхоўвае чатырох дзяцей, сакратару УП ЖКГ Вікторыі Кузняцовай, педагогу раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлане Масько, намесніку дырэктара ААТ «Прыазёрны мір» Марыне Панкраценцы, медсястры райбальніцы Людміле Філіповіч, у якіх па трое дзяцей.
На мерапрыемстве прагучала відэавіншаванне матулям ад выхаванцаў дзіцячых садоў. Ну, а шчырыя песні пра маці спявалі работнікі раённага цэнтра культуры і самадзейныя артысты.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №81 ад 15.10.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *