Дамы, якія патрабуюць увагі і дзеянняў
Як працуе і рэалізуецца Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №357 «Аб лядашчых і пустуючых дамах» у Шумілінскім раёне, абмеркавана на мінулым тыдні на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Новікавай.
Новы ўказ гэтак жа, як і страціўшы сілу №100, садзейнічае рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенні ўзорнага парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Але ў адрозненне ад ранейшага цяпер распаўсюджваецца не толькі на сельскую мясцовасць, а і на горад і дакладна прапісвае схему работы: раз у паўгода раённая камісія, выяўляецца пустуючы дом – шукаецца ўладальнік – інфармуецца – няма рэакцыі – суд – знос ці продаж. Усё павінна ўмясціцца ў паўгода, максімум – год. Прамаруджванне цяпер не дапускаецца, патуранняў да гаспадароў жылля няма, працаваць адказным службам трэба скаардынавана і аператыўна, нягледзячы на працаёмкасць і складанасць вядзення працэдур.
«З пачатку дзеяння ўказаў па гэтым напрамку дзейнасці ў нашым раёне было знесена амаль тысяча пустуючых і лядашчых дамоў, з іх трэцяя частка – за кошт бюджэту, астатнія – сіламі грамадзян, – адзначыла перад пачаткам абмеркавання пытання Ірына Новікава. – У раёне склалася пэўная сістэма мер у рамках рэалізацыі Указа, наладжана работа па выяўленні і скарачэнні колькасці такіх дамоў. Аднак, як сведчаць лічбы, работа патрабуе больш актыўных дзеянняў і ўдасканалення».
Так, сёлета на тэрыторыі раёна выяўлена 57 дамоў, якія адпавядаюць Указу (35 пустуючых, 22 лядашчыя), з іх 36 размешчаны ў сельскіх населеных пунктах, 21 у райцэнтры. На дадзены момант у адносінах да 13 дамоў маюцца рашэнні суда (па 3-х дамах у 2020 г.), з іх па адным – аб прызнанні дома безгаспадарчым, па 12 – аб прызнанні вымарачнай спадчыны, па ўсіх прыняты рашэнні аб зносе. Наогул у рэестры пустуючых знаходзіцца 119 дамоў, у рэестры лядашчых 69.
За 9 месяцаў сіламі сельвыканкамаў, арганізацый, а таксама ўласнікаў знесена 12 домаўладанняў, у тым ліку 7 – за бюджэтныя сродкі, 5 – за кошт уласнікаў. Яшчэ па адным доме ідзе падрыхтоўка дакументацыі на знос.
Чаму ў недастатковай меры праводзіцца работа па рэалізацыі Указа ў часці выяўлення жылля, вышуку ўласнікаў, індывідуальная работа з грамадзянамі, не выконваюцца тэрміны і графікі абследавання камісіямі, дзе, як кажуць, слабае звяно, спрабавала адказаць падчас абмеркавання пытання дакладчык галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Осіпава.
Па абмяркоўваемым пытанні заслухалі таксама старшага інспектара райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Гушчына і начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Зою Гарэленкаву.
* * *
На пасяджэнні прэзідыума было абмеркавана пытанне, як ідзе выкананне мэтавых паказчыкаў па рынку працы і занятасці на тэрыторыі раёна. З дакладам выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Валекава.
Па абмеркаваных пытаннях прыняты адпаведныя пастановы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў № 80 ад 13.10.2020 г.