Белавусавы кажуць, што сапраўды шчаслівымі могуць быць толькі дома

Главное Семья

Тры плюс тры будзе шэсць
Сёлета сярод лаўрэатаў абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі і Вольга Белавусава з вёскі Мікалаева Шумілінскага раёна.

У гэтым годзе Вольга і Уладзімір Белавусавы адзначылі 10-годдзе сумеснага жыцця. Хаця гавораць, што разам ужо 20 год – адлік вядуць ад першага спаткання, якое здарылася, калі Вольга была яшчэ школьніцай, а кавалер вучыўся ў Ульскім прафесійным ліцэі.
Пазнаёміліся, адразу спадабаліся адзін аднаму. Праз некаторы час нарадзілася сям’я. У зусім яшчэ маладых людзей (Вользе 34 гады, яе муж на два гады сталейшы) шасцёра дзяцей. Малодшай Злаце няма і трох гадоў. Старэйшы Аляксей – ужо студэнт 2-га курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэтую ж ВНУ будзе паступаць пасля школы і Юрый, толькі спецыяльнасць выбраў не інжынер-механік, як брат, а інжынер-будаўнік. Зараз адзінаццацікласнік старанна рыхтуецца да паступлення. У сям’і падрастаюць яшчэ два Аляксандры, якім па 9 год, і пяцігадовая Марыя. Патлумачым, што апроч уласных траіх дзяцей Вольга і Уладзімір гадуюць трох сыноў старэйшай сястры Вольгі (таму ў іх аж два Аляксандры). Тая па стане здароўя не можа выконваць бацькоўскія абавязкі. І вось ужо шосты год у Белавусавых такая вялікая сям’я.
– Сястрыны дзеці ў нас жывуць даўно, але дакументальна мы гэта доўгі час не афармлялі: свае ж, родныя – якое тут можа быць апякунства? – гаворыць Вольга. – Я ніколі ніякай розніцы паміж імі не рабіла, аднолькава за ўсіх сэрца баліць.
Здалося, усё ў гэтым доме ладна. Старэйшых дзяцей мы заспелі за клопатамі ў двары. Яны, канечне, пакінулі свае справы для таго, каб сфатаграфавацца для газеты, але доўга час з гасцямі не бавілі.
– Хлапчукі добра па гаспадарцы дапамагаюць: і жывёлу накормяць, і дроў для лазні наносяць, калі трэба, – кажа бацька.
А гаспадарка ў сям’і не слабая: вялікі агарод, саджалка, свінні, трусы, куры, гадуюць цялушку. Дарэчы, карова ў іх раней была, але Уладзімір збыў жывёліну, пакуль жонка апошні раз ляжала ў раддоме. Маўляў, каб ёй лягчэй было. Але Вольга ўпэўнена, што дзецям абавязкова патрэбна малако ад сваёй кароўкі – смачнае ды карыснае.
А работы яна не баіцца, лічыць, што па-іншаму ў вёсцы жыць нельга. Звычайны дзень шматдзетнай маці заўжды насычаны. У сезон да прывычных клопатаў па гаспадарцы, на кухні ды з урокамі дадаецца яшчэ і лес.
– Распраўлю, каго ў школу, каго ў сад, саджуся на скутар і еду ў ягады. Так за сезон нядрэнна можна зарабіць, – расказвае Вольга. – Толькі на чарніцах сёлета больш за дзве тысячы ўдалося выручыць, рублёў 600 – на журавінах: яны нешта не ўрадзілі.
На жаночую долю шматдзетная маці не скардзіцца. Усё ў яе атрымліваецца неяк лёгка, у ахвоту. На стале заўжды клёцкі, бліны, галубцы, катлеты, у засеках – кансервацыя. Колькі слоікаў закруціла, гаспадыня не падлічыць. Хаця, пачак 7 накрывак разышлося, а ў кожнай – па 50 штук. Зразумела, што запасы грандыёзныя.
Пакуль Вольга знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці, але ўжо зусім хутка збіраецца вяртацца на працу – майстрам вытворчага навучання ў Ульскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Уладзімір рупіцца трактарыстам на мясцовым дрэваапрацоўчым прадпрыемстве «Кубаметр». Яны ў адзін голас кажуць, што ніколі не прамянялі б сваё вясковае жыццё на гарадское. Так, яны шмат падарожнічаюць па Беларусі, бываюць з дзецьмі ў музеях, дэльфінарыі, аквапарку, ездзяць у госці да родных, але сапраўды шчаслівымі могуць быць толькі дома. Белавусавы штогод становяцца прызёрамі раённых конкурсаў «Уладар сяла» і «Шчаслівыя разам». Вольга Белавусава лічыць, што абласная прэмія, якой яна адзначана сёлета, – гэта вялікі гонар і адказнасць: перад сваёй сям’ёй, самой сабой і грамадствам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў № 80 ад 13.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *