Вада, святло і запозненая аўталаўка
Дзень работы з насельніцтвам прайшоў на гэтым тыдні ў аграгарадках і вёсках Светласельскага сельсавета.
Сустрэча з жыхарамі вёскі Язвіна.
Тры дні запар групы, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, праваахоўных органаў, сацыяльнай і землеўпарадкавальнай службаў, аб’ехалі ўсе вёскі сельсавета і сустрэліся з мясцовым насельніцтвам. З якім настроем вяскоўцы сустрэлі восень, якія праблемы іх хвалююць на дадзеным этапе жыцця, і мелі на мэце даведацца раённыя службы. А заадно правесці інфармацыйна-тлумачальную работу па многіх пытаннях жыццядзейнасці.
Сустрэча з жыхарамі вёскі Мазекі.
Надвор’е псуецца, халадае. Як-ніяк кастрычнік. У дзень аб’езду нашай групай вёсак Мазекі, Завяззе, Язвіна і Ужляціна ішоў дождж, таму, напэўна, і актыўнасць жыхароў была не вельмі высокай. Тым не менш тыя, хто хацеў пагаварыць з прадстаўнікамі ўлады, магчымасць такую скарысталі і на сустрэчу прыйшлі.
Першая на маршруце – маленькая вёска Мазекі, дзе пастаянна пражываюць пяць чалавек, летам дадаюцца дачнікі. Старэйшына вёскі Таццяна Баршынава папрасіла ўлады дапамагчы з рамонтам калонак (іх у вёсцы тры, калодзежаў няма) і вырашыць пытанне з напаўненнем вадой воданапорнай вежы, якая належыць мясцоваму сельгаспрадпрыемству. Выказалі жыхары таксама незадаволенасць графікам прыезду аўталаўкі – ён практычна ніколі не вытрымліваецца. Адставанне ад графіку часта даволі значнае. Трэба разбірацца.
Раней за астатнія ў Светласельскім сельсавеце ўключылі ў населеных пунктах вулічнае святло, і зараз ідзе яго адладка. У сувязі з гэтым жыхары вёскі Завяззе папрасілі старшыню сельсавета Аляксандра Дзмітрэнку пасадзейнічаць, каб электрыкі адрэгулявалі час уключэння. Святло ім патрэбнае ў 5.30 раніцы, калі нясуць здаваць малако, а не з 6.00 да 7.00, як гарыць зараз. Просьба занатавана.
Больш за ўсё людзей сабралася ў Язвіне, пераважна жыхары шматкватэрных дамоў. Яны прыйшлі выказаць сваю незадаволенасць работай мясцовых камунальнікаў, якія працуюць «не для людзей, не на сумленне, а каб адчапіліся». Пашкадавалі, што ў групе няма прадстаўнікоў ЖКГ і вельмі прасілі, каб раённыя ўлады прыехалі да іх на сустрэчу. Наогул язвінцы выказалі шмат пытанняў па ўтрыманні жыллёвага фонду шматкватэрнага жылля і стане даху. Былі прэтэнзіі і па добраўпарадкаванні населенага пункта, недагледжаных дамах. Дарэчы, сёння, 9 кастрычніка, дырэктар УП ЖКГ А. А. Шпакаў праводзіць прыём грамадзян у Язвіне.
Апошняй на маршруце была вёска Ужляціна. Тут жыхары паскардзіліся на якасць вады ў калонцы. Зварот будзе перададзены ад-дзелу жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
Усе пытанні, якія паступілі падчас дня работы з насельніцтвам, будуць накіраваны адпаведным службам для вывучэння і прыняцця рашэння. Тыя грамадзяне, хто па нейкіх прычынах не змог прыйсці на сустрэчу, могуць выкарыстаць магчымасць звярнуцца да кіраўніцтва раёна падчас выязных асабістых прыёмаў, якія пройдуць 20 кастрычніка ў аграгарадку Башні і аграгарадку Светласельскі з 9.00 да 10.00.
Традыцыйна ў рамках дня работы з насельніцтвам пройдзе і дзень прафілактыкі з наведваннем мехмайстэрняў сельгаспрадпрыемстваў і правядзеннем пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №79 ад 09.10.2020 г.