Давайце, дапаможам пабудаваць «дом» для катоў

Общество

Пабудуем «дом» для катоў


З пачаткам восені, з надыходам халадоў багацее на пацыентаў Мішневіцкае аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. І гэта зразумела: прыходзіць час, калі рэгулярна трэба прапальваць жыллё, у непагадзь, слоту і мароз цяжка і ваду прынесці, і ў аўталаўку выбрацца… Таму і адпраўляюцца сталыя людзі ў месца, дзе пра іх камфорт і годныя ўмовы пражывання клапоцяцца.
Дом, як прызнаюцца некаторыя, не так цяжка пакідаць, як, скажам, жывую істоту (часцей катоў ці кошак), якая для многіх і за субяседніка, і за члена сям’і выступае. Чаго там утойваць: сталыя людзі проста адчуваюць неабходнасць пра каго-небудзь клапаціцца. Кажуць, жыццё тады не такое сумнае і адзінокае. А калі прымаюць рашэнне пакінуць хату і паехаць у Мішневічы, перажываюць, каму пакінуць гадаванцаў.
Сёлета работнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўсур’ёз задумаліся над гэтым пытаннем. «Вырашылі, што самым лепшым варыянтам будзе пабудаваць вальер для катоў, – падзялілася загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту Зоя Мікалаеўна Вайцянкова. – І зараз мы шукаем спонсараў, чулых і спагадлівых людзей, якія б дапамаглі нам матэрыяламі. Для будаўніцтва «прытулку» для катоў нам неабходны два лісты полікарбанату, 32 м сеткі пластыкавай вышынёй 2 м і цвікі. Канструкцыю мы поўнасцю прадумалі».
Давайце зробім добрую справу!
Па ўсіх пытаннях можна звязвацца па тэл. 5-71-98, 714-05-14.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №77 ад 02.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *