Шкада, што жніво скончылася
Яму, былому дальнабойшчыку, які за рулём больш за сорак гадоў, да цяжкасцей не прывыкаць. І што трэба было падчас жніва працаваць з ранку да позняга, вазіць на МАЗе больш за дзесяць рэйсаў за дзень – справа прывычная.
Чалавек вынослівы, жылісты, працавіты, і адказны – так характарызуюць Віктара Пашкоўскага, вадзіцеля ААТ «АграБаравінка», калегі. Віктар Васільевіч у гэтым годзе перавёз з поля на зернесушыльны комплекс тысячу тон зерня.
– Гэта не столькі мая заслуга, колькі камбайнераў, – сціпла кажа Віктар Пашкоўскі. – Мне пашанцавала на працавітых калег: Аляксея Радзівонава, Яўгена Броўкіна, Мікалая Талдыкіна, ад камбайнаў якіх адвозіў зерне.
Збожжавыя палеткі ў гаспадарцы практычна ўсе змалацілі. А так бы Віктар Пашкоўскі здолеў бы перавезці і другую тысячу тон (калісьці такое было).
З чарговай працоўнай перамогай перадавіка сельгаспрадпрыемства павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яна ўручыла лідару падзячны ліст, падарунак і прэмію.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №71 ад 11.09.2020 г.