Людзей хвалююць бытавыя пытанні
8 верасня «прамую лінію» і прыём грамадзян у Шумілінскім раёне правёў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектарпа Віцебскай вобласці
Анатоль Ліневіч.
На прыёме ў Анатоля Ліневіча старшы егер Шумілінскага лясгаса Аляксандр Барысевіч.
Першы званок быў з аграгарадка Мікіціха. Мнагадзетная маці скардзілася на тое, што ніяк не можа перааформіць доўг за дом з гаспадаркі на сябе з-за таго, што мясцовая гаспадарка некалькі разоў мяняла статус, а дакументы своечасова не пераафармляліся. Заяўніца казала, што канца гэтай валакіце не бачыць. Анатоль Канстанцінавіч патлумачыў, што афармленне дакументаў на дом павінна весціся ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам і даручыў мясцовым уладам і ўласнікам прадпрыемства дапамагчы з афармленнем неабходнага пакета дакументаў.
А вось жыхарку Полацка, якая нарадзілася ў Шумілінскім раёне, хвалявала добраўпарадкаванне могілак Барсукі і Баркі, дзе знаходзяцца магілы яе бацькоў, стан дарог да іх. Памочнік Прэзідэнта запэўніў жанчыну, што з ёй звяжуцца мясцовыя ўлады і па прыездзе на месца вызначаць неабходныя меры для навядзення парадку на могілках. Адпаведнае даручэнне адрасавана райвыканкаму. Пры гэтым Анатоль Канстанцінавіч заўважыў, што для добраўпарадкавання падобных месцаў трэба прыцягваць саміх людзей: паўдзельнічаць у справе і грашыма, і ўласнай працай.
На асабісты прыём да памочніка Прэзідэнта прыйшлі пяць жыхароў раёна. Першае пытанне тычылася капітальнага рамонту дома ў Шуміліне. Заяўніца не аднойчы звярталася з праблемамі на «прамыя лініі», прыходзіла на прыёмы, але атрыманыя адказы яе не задавальняюць. Яна падрабязна выказала свае прэтэнзіі. «Ёсць пэўныя нарматывы, па якіх працуюць будаўнічыя і камунальныя прадпрыемствы, ёсць кантралюючыя органы, таму я даю даручэнне ЖКГ ліквідаваць дапушчаныя парушэнні, тым больш, што гарантыйныя тэрміны на работы яшчэ не мінулі», – адказаў Анатоль Ліневіч.
Жыхар Сураўнёў прасіў дапамагчы з вырашэннем цяжкай жыццёвай сітуацыі, якая склалася ў сям’і з нараджэннем дзіця. Як высветлілася з тлумачэння спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, пра гэтую сям’ю ведаюць, і ўсе неабходныя выплаты будуць зроблены. Яшчэ адна просьба – скараціць плату за арэнднае жыллё – будзе вырашана ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам пасля вывучэння сітуацыі.
Жыхар райцэнтра прасіў дапамагчы з пакупкай за адну базавую велічыню аб’екта, які не выкарыстоўваецца, для арганізацыі бізнесу. Заяўнік ужо звяртаўся ў райвыканкам, але атрымаў адмоўны адказ з-за аварыйнага стану аб’екта. Было дадзена даручэнне яшчэ раз разгледзіць пытанне і вынесці канчатковае рашэнне аб магчымасці яго продажу.
Кіраўнік УП «Славянскі прадукт» Яўген Салдатаў прасіў дапамогі ў выдзяленні для прадпрыемства большай квоты на выраб прадукцыі. Гадавую квоту, выдзеленую арганізацыі, яны ўжо практычна вы-працавалі, і цяпер трэба ці то спыняць работу, ці скарачаць калектыў і звальняць работнікаў. Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў патлумачыў, што прадпрыемства з’яўляецца адным з бюджэтаўтваральных у раёне, а спробы вырашыць пытанне на раённым ці абласным ўзроўні былі безвыніковыя. Анатоль Ліневіч паабяцаў прапрацаваць пытанне на ўзроўні ўрада, улічваючы яго значэнне для эканомікі раёна.
А старшы егер Шумілінскага лясгаса Аляксандр Барысевіч прапанаваў унесці ў правілы палявання змяненні, якія тычацца начнога палявання з выкарыстаннем прылад начнога бачання ці цеплавізараў – праводзіць яго ў прысутнасці егера. Ён патлумачыў, што гэта паспрыяе бяспецы на паляванні, бо часам нявопытныя паляўнічыя не могуць адрозніць па прыборах чалавека ад жывёлы. Да таго, гэта дапаможа і ў выяўленні браканьераў. Анатоль Ліневіч паабяцаў звязаць заяўніка з адпаведнымі спецыялістамі.
Аляксандр Барысевіч ўзняў і асабістае пытанне – аб павелічэнні нормы расходу прыроднага газу на ацяпленне жылых дамоў, бо на вялікі дом яе не хапае . Як патлумачыў памочнік Прэзідэнта, нормы вызначаюцца ў сярэднім па краіне, індывідуальны падыход тут немагчымы. Тым не менш, пытанне будзе зарэгістравана і перададзена ў адпаведныя інстанцыі для вывучэння.
Падводзячы вынікі прыёму грамадзян, Анатоль Ліневіч адзначыў, што людзей пераважна хвалююць бытавыя пытанні. Мясцовай уладзе неабходна пастарацца дапамагчы чалавеку, калі ёсць магчымасць, але ў адпаведнасці з заканадаўствам. А такія магчымасці ёсць, сказаў Анатоль Канстанцінавіч. Ён адзначыў, што былі і больш складаныя пытанні, якія трэба разглядаць на ўзроўні рэспублікі, нарматыўных і заканадаўчых актаў: па прыватным прадпрыемстве такое пытанне ці пытанне аб павелічэнні нормаў спажывання на газ для ацяплення.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №71 ад 11.09.2020 г.