У Башнёўскай бібліятэцы адзначылі Дзень беларускага пісьменства

Культура Образование

«Кніга – носьбіт духоўнасці і маралі»

Традыцыйна ў першую нядзелю верасня ладзіцца Дзень беларускага пісьменства. Вялікія святы праходзяць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры, кнігадрукавання. Розныя акцыі праходзяць па ўсёй краіне. Свае мерапрыемствы прапаноўваюць і бібліятэкі нашага раёна. Так, на мінулым тыдні ў Башнёўскай бібліятэцы прайшло мерапрыемства «Кніга – носьбіт духоўнасці і маралі».

«Асноўная ідэя нашага мерапрыемства – беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, падтрымка кнігі і чытання, – расказала бібліятэкар Ала Сафончык. – Стараемся прывіваць любоў да кнігі і чытання маладому пакаленню. Частымі гасцямі ў нас бываюць школьнікі. Яны любяць наведваць розныя пазнавальныя мерапрыемствы: віктарыны, конкурсы, круглыя сталы».
І на гэты раз у бібліятэку прыйшлі вучні мясцовай школы. Ала Валянцінаўна расказала дзецям пра гісторыю Дня беларускага пісьменства: свята ўпершыню прайшло ў 1994 годзе ў Полацку, з таго часу гэта дата адзначаецца кожны год. Усе жыхары нашай краіны вітаюць лю-дзей, якія ўнеслі свой уклад у станаўленне беларускай пісьменнасці. «Карані літаратуры нашай рэспублікі зарадзіліся разам з пісьменнасцю, а фальклор і вусная народная творчасць былі з ёй цесна звязаны, – адзначыла А. В. Сафончык. – Асаблівае значэнне мела дзейнасць Ф. Скарыны, які першым прымяніў друкаванае слова і сваімі выданнямі зацікавіў людзей. Вельмі важныя для нашай культурнай спадчыны творы Купалы, Коласа, Танка, Быкава, Караткевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў».
Бібліятэкар расказала пра Баркулабаўскі летапіс, пра газеты «Наша доля» і «Наша ніва», якія таксама сыгралі адметную ролю ў станаўленні беларускага пісьменства.
Дзеці пазнаёміліся з выставай кніг беларускіх пісьменнікаў і тымі, якія прысвечаны Бялынічам, дзе сёлета ладзіўся Дзень беларускага пісьменства.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №70 ад 08.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *