Падарожжа праз стагоддзі — як Бялынічы Дзень пісьменства святкавалі
7 верасня, Бялынічы /Кар. БЕЛТА/. Фестываль кнігі і прэсы, тэматычныя пляцоўкі кожнага раёна Магілёўскай вобласці, гандлёвыя рады, якія расцягнуліся на некалькі кіламетраў, канцэртныя выступленні і добры настрой — так Бялынічы правялі Дзень беларускага пісьменства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Увесь цэнтр горада ператварыўся ў вялікую пешаходную плошчу. Адзін з важных момантаў свята — фестываль кнігі і прэсы, тут госці свята маглі не толькі азнаёміцца з кніжнымі навінкамі Беларусі, але і набыць упадабанае выданне. Цэнтрам прыцягнення для дзяцей і дарослых стаў друкарскі двор — кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў якасці кнігадрукара з мінулага. Паводле слоў мясцовай жыхарскі Святланы, тут можна даведацца шмат новага. «Для дзяцей гэта сапраўдныя прыгоды, а дарослыя могуць даведацца, як нашы продкі друкавалі першыя кнігі. Я паспрабавала — магу вам сказаць, што зрабіць адну такую старонку вельмі цяжка», — адзначае Святлана.
На фестываль у Бялынічы з’ехаліся рамеснікі з усёй вобласці і іншых рэгіёнаў. Адзенне і ўпрыгажэнні ручной работы, прадметы побыту, разнастайныя тэматычныя сувеніры. Сваю прадукцыю прадставілі тут вядучыя прадпрыемствы харчовай прамысловасці рэгіёна: малочная і мясная прадукцыя, хлебабулачныя вырабы, салодкія ласункі і шмат іншага. Прыехалі на Дзень пісьменства ў Бялынічы і прамысловыя прадпрыемствы вобласці — тут яны не толькі прэзентавалі сваю прадукцыю, але і расказвалі пра гісторыю развіцця іх заводаў і арганізацый.
Кожны рэгіён Магілёўскай вобласці прыняў удзел у тэматычным блоку «Лёс зямлі маёй праз слова». Тут прадстаўлена развіццё Магілёўскай вобласці з часоў Спірыдона Собаля і да сучасных друкаваных выданняў. Так, Музей гісторыі Магілёва прывёз невялікую выставачную экспазіцыю, дзе размясціліся карціны і кнігі, сярод якіх статут ВКЛ. Круглянскі раён паказаў гасцям Дня пісьменства экспанаты з музея СССР. А дэлегацыя Слаўгарадскага раёна правяла тэатралізаваны паказ, дзе расказалі пра гісторыю свайго раёна і яго сучаснае жыццё. Таксама расказалі пра сваю дзейнасць установы культуры і адукацыі Магілёўскай вобласці.
Свята атрымалася вельмі яркім і цікавым. Тут 6 верасня было шмат гасцей з усёй Беларусі. Прыехалі на свята і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.
Завяршыўся Дзень пісьменства ў Бялынічах вялікім святочным канцэртам, дзе выступілі зоркі эстрады і заслужаныя калектывы Беларусі: Анатоль Ярмоленка, Алёна Ланская, Вольга Плотнікава, Аляксандр Саладуха, Аляксей Хлястоў, Руслан Аляхно, «Песняры» і іншыя. Святочны дзень завяршыўся яркім салютам.-0-