Трэба ствараць новыя працоўныя месцы
31 жніўня адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі па садзейнічанні занятасці, якое правяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
З інфармацыяй аб стварэнні ў раёне новых працоўных месцаў на новых вытворчасцях і прадпрыемствах выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан. Яна адзначыла, што работа па стварэнні новых працоўных месцаў у раёне вядзецца, але пакуль вельмі маруднымі тэмпамі: не выконваецца заданне, устаноўленае аблвыканкамам. За год трэба стварыць 60 новых месцаў, але пакуль што на 1 жніўня створаны толькі 16. Да канца года сітуацыя складаецца цяжка: магчыма выканаць заданне, але толькі калі будуць створаны і пачнуць працаваць усе заяўленыя гандлёвыя прадпрыемствы.
Ірына Новікава адзначыла, што калі ў мінулым годзе раён перавыканаў заданне – было створана 116 працоўных месцаў, то сёлета карціна іншая. Сітуацыя складваецца няпроста, але заданне выконваць трэба.
Таксама на пасяджэнні камісіі было прынята рашэнне аб падаўжэнні тэрмінаў аднясення грамадзян, якія трапілі ў базу незанятых, да занятых у эканоміцы. Гэта грамадзяне, якія маюць зямельныя ўчасткі і займаюцца вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі ці працуюць за мяжой па афіцыйных кантрактах і дагаворах, па якіх заканчваўся тэрмін дзеяння раней прынятых рашэнняў.
Адзін грамадзянін быў выключаны з базы незанятых у эканоміцы, бо знаходзіцца ў спісе грамадзян, якія прапалі без вестак.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №69 ад 04.09.2020 г.